НЕ - ВАЙНЕ!
471

Дзень памяці загінулых ва Украіне журналістаў. У Вільні адкрылася выстава пра працу калег на вайне

16.09.2022 Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Штогод у трэцюю пятніцу верасня ва Украіне адзначаецца Дзень памяці журналістаў. Ён быў створаны па ініцыятыве Нацыянальнага саюза журналістаў з мэтай ушанавання памяці калег, якія загінулі пры выкананні прафесійных абавязкаў.

Традыцыйна ў гадавіну знікнення Георгія Гангадзэ адбываюцца памятныя мерапрыемствы.

Паводле звестак Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны, з першага дня паўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіне былі забітыя 39 журналістаў. Большасць з іх альбо загінулі пры выкананні журналісцкай працы, альбо абараняючы сваю Радзіму ад расійскіх нападнікаў.

Раніцай у пятніцу ў Вільні ў будынку чыгуначнага вакзала да гэтай даты адкрылася фотавыстава пра працу журналістаў на вайне.

Выстава арганізаваная ўкраінскім "Інстытутам масавай інфармацыі" і міжнароднай арганізацыяй "Інтэрньюс" пры падтрымцы Літоўскага клуба фотажурналістаў.

Беларуская асацыяцыя журналістаў далучаецца да мемарыяльнай дзеі. 

БАЖ заклікае калег запаліць сёння свечкі, каб ушанаваць памяць загінулых ва Украіне журналістаў.

Таксама 21 верасня ў Вільні пройдзе акцыя праваабаронцаў на знак салідарнасці з Украінай.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!