686

Дыстанцыйны адукацыйны курс «Навіны па-новаму» (рэгістрацыя да 14 сакавіка) Мінск—Вільня

10.03.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» праводзіць бясплатны дыстанцыйны (рэгіёны, адгукаемся на вашу просьбу!) курс, на якім навучаць хутка ствараць такія навіны, якія абавязкова «выбухнуць».

Гэта не так проста: зразумець, што хоча ведаць чытач, здабыць факты, якія не ляжаць на паверхні, выбраць адпаведны фармат і фокус падачы інфармацыі і пракласці ёй шлях да шырокай аўдыторыі.

Як зрабіць свой навіновы кантэнт унікальным, якраз і будзем вучыцца падчас арыентаванага на набыццё практычнага досведу курса «Навіны па-новаму».

Курс будзе карысны для тых, хто толькі пачынае працаваць журналістам ці  яшчэ вучыцца журналістыцы. А тым, хто працуе даўно, дае магчымасці рабіць сваю работу больш якасна, дзякуючы авалодванню сучаснымі інструментамі і тэхнікамі.

Трэнер-куратар курса Марына Загорская.

Разам мы распрацуем алгарытм дзеянняў, якія дазволяць хутка і якасна пісаць навіны (ды, прынамсі, і тэксты ў іншых жанрах) на любыя тэмы.

Слухачы навучацца:

— знаходзіць навіны там, дзе іншыя  іх не заўважаюць;

—  здабываць эксклюзіў з прэс-рэлізаў і прэс-канферэнцый;

— распрацоўваць тэму пад адмысловым ракурсам;

— ранжыраваць крыніцы інфармацыі па шкале надзейнасці;

— заўважаць і адзначаць дэталі;

— будаваць навіну па сучасных стандартах;

— пісаць лагічна, ясна, коратка;

Пасля заканчэння курса слухачы будуць умець:

— весці стрымы (наўпроставыя трансляцыі) падзей;

— прывабна запакоўваць навіны і эфектыўна карыстацца прынадамі: загалоўкам, тызерам, лідам;

— верыфікаваць інфармацыю і пазнаваць фэйкі;

— карыстацца сацсеткамі для пошуку інфармацыі, герояў і каментатараў, а таксама прасоўвання ўласных тэкстаў.

ДА ЎДЗЕЛУ ЗАПРАШАЮЦЦА: журналісты, студэнты факультэтаў журналістыкі.

АПІСАННЕ КУРСА: Дыстанцыйны курс «Навіны па-новаму» распачнецца ўстаноўчай сесіяй у Мінску 17.03.2019  (нядзеля) і завершыцца 28.04.2019  майстар-класам замежнага трэнера ў Вільні. Паміж гэтымі датамі будзе чатыры дыстанцыйныя сесіі з тэарэтычнымі блокамі, практыкай ды хатнімі заданнямі, а таксама заключная сесія ў Мінску 20.04.2019 (субота).

Удзел у курсе бясплатны, але колькасць удзельнікаў абмежаваная.

Падаць заяўку на ўдзел у адборы можна ТУТ да 14 сакавіка, 24:00.

Конкурсы і навучанне