3571

Дырэктар друкарні кажа пра прымусовае знішчэнне накладу кнігі

09.11.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

 

Дырэктар прыватнай друкарні «Палікрафт» Фёдар Басько пацвердзіў «Нашай Ніве», што наклад пасмяротнай кнігі Віталя Сіліцкага «Доўгая дарога ад тыраніі: посткамуністычны аўтарытарызм і барацьба за дэмакратыю ў Сербіі і Беларусі» быў знішчаны на загад Мінінфармацыі.

«Нам сказалі, што калі гэтага не зробім, то тыпаграфію зачыняць», – цытуе дырэктара друкарні nn.by.

Начальніца ўпраўлення выдавецкай дзейнасці і гандлю Міністэрства інфармацыі Алена Паўлава заявіла прэс-службе ГА “БАЖ”, што нічога не ведае пра якія-кольвек рашэнні адносна кнігі, і параіла звяртацца ў прыёмную. Там жа скіравалі якраз да Алены Паўлавай.

Пасмяротную кнігу беларускага палітолага Віталя Сіліцкага выпусціла выдавецтва часопіса “ARCHE” ў кастрычніку 2015 года. Надрукавала яе прыватная друкарня “Палікрафт” накладам 1000 экземпляраў, – піша “Еўрарадыё”. У кнізе параўноўваюцца рэжымы Слабадана Мілошавіча ў Югаславіі 1990-х і Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі. На вокладцы – выявы абодвух лідараў, Аляксандр Лукашэнка – у форме галоўнакамандуючага.  

Пра якую-кольвек папярэднюю экспертызу кнігі нідзе не паведамляецца.

Кнігі пра Аляксандра Лукашэнку не ўпершыню трапляюць у поле зроку дзяржаўных органаў. У 2008 годзе УКДБ па Гродзенскай вобласці спрабавала праз суд дамагчыся прызнання экстрэмісцкімі матэрыяламі кнігі Святланы Калінкінай і Паўла Шарамета «Выпадковы прэзідэнт» – праўда, безвынікова. У 2013 годзе мытнікі забралі ў грамадскага актывіста Аляксандра Малочкі кнігу Валерыя Карбалевіча «Аляксандар Лукашэнка. Палітычны партрэт» – экстрэмізму ў ёй таксама не знайшлі, але кніга да ўладальніка так і не вярнулася.

Чавусаў: Віталь Сіліцкі пасьмейваўся б з гэтай сытуацыі

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!