833

Дыпломам “За адданасць прафесіі” ўганараваны Дзяніс Івашын

28.09.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гомельская філія ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 27 верасня падвяла на сваім сходзе  вынікі штогадовага міжрэгіянальнага конкурсу на ўручэнне дыплома “За адданасць прафесіі”.

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/hato0927_01_dyplom.jpg

Па інфармацыі старшыні філіі Міколы Бянько, сёлета ў конкурсе ўзялі ўдзел 10 прэтэндэнтаў. У шорт-ліст патрапілі Сяргей Няроўны з Крычава, Таццяна Смоткіна з Глыбокага, Дзяніс Івашын з Гродна, Алесь Ляўчук з Брэста, чые высілкі і журналісцкія працы адпавядалі ўмовам конкурсу. Нягледзячы на перашкоды і пераслед, яны годна выконвалі свае прафесійныя абавязкі. Намінаваліся на дыплом таксама людзі творчай прафесіі з Гомеля, Лунінца, Мінска і Слуцка.

Па выніках рэйтынгавага галасавання перавага была аддадзена Дзянісу Івашыну з ягоным цыклам публікацый у газеце “Новы час” пра будаўніцтва і адкрыццё рэстарана “Поедем поедим” побач з Курапатамі пад Мінскам, дзе ў 1930-я гады карнікі НКУС расстралялі, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч мірных жыхароў. У ліку матэрыялаў і журналісцкае расследаванне “Знаёмцеся: гэта яны забудоўваюць Курапаты”. У звязку з гэтымі публікацыямі бізнесовец Аркадзь Ізраілевіч выклікаў “Новы час” і журналіста Івашына ў суд і прайграў яго.

Конкурс з уручэннем дыплома “За адданасць прафесіі” быў распачаты Гомельскай філіяй ГА “БАЖ” у 2009 годзе на знак памяці журналіста і выдаўца Уладзіміра Вербавікова. Праз конкурс філія адзначае і робіць больш вядомымі грамадскасці  сяброў БАЖ – выдаўцоў, рэдактараў, журналістаў, карэспандэнтаў, аператараў, фатографаў, распаўсюднікаў друкаваных СМІ, якія сумленна працуюць, нягледзячы на перашкоды. Адначасова выказваецца падтрымка і салідарнасць з калегамі, якія пацярпелі ад уціску і дыскрымінацыі на прафесійнай глебе і праявілі мужнасць, адстойваючы свае правы на прафесійную дзейнасць.

На сходзе Гомельскай філіі прыняты ў сябры ГА “БАЖ” фрылансер Андрэй Толчын і заснавальнік партала “Дзелавы Гомель” Аляксей Харкевіч.

Фота Андрэя Мядзведзева.