407

Дыпломам “За адданасць прафесіі” ўганаравалі незалежных журналістаў Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву

11.10.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гомельская гарадская арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў” на сходзе 10 кастрычніка падсумавала вынікі юбілейнага конкурсу “За адданасць прафесіі”.

Прафесійны конкурс “За адданасць прафесіі” заснаваны ў 2009 годзе на памяць журналіста і выдаўца Уладзіміра Вербавікова. Конкурс міжрэгіянальны, сёлета праводзіўся дзясяты раз.

На пачатку старшыня арганізацыі Мікола Бянько ўручыў букет кветак Ніне Вербавіковай, жонцы заўчасна памерлага журналіста. Яе адмыслова запрасілі на адкрыты сход разам з прадстаўнікамі іншых грамадскіх арганізацый горада. Прысутнічалі на сходзе і кіраўнікі цэнтральнага офіса: намеснікі старшыні ГА “БАЖ” Алег Агееў і Барыс Гарэцкі (ён жа прэс-сакратар), а таксама сябра ГА “БАЖ” з Барысава, юрыст Алег Мацкевіч.

У конкурсе “За адданасць прафесіі”, распавёў Мікола Бянько, сёлета ўдзельнічалі калегі з Гродна, Брэста і Мінска. Заяўкі прэтэндэнтаў са спасылкамі на СМІ  выкладаліся ў пабліку Гомельскай філіі ГА “БАЖ”, каб сябры філіі яшчэ да сходу азнаёміліся з конкурснымі працамі, даведаліся пра ўмовы, у якіх вёўся збор інфармацыі для падрыхтоўкі артыкулаў, аўдыёперадач і відэасюжэтаў.

Гродзенскі журналіст Андрэй Мялешка даслаў на конкурс цыкл радыёперадач “Хронікі Басовішча”, прымеркаваны да 30-га фэсту беларускай альтэрнатыўнай і рок-музыкі на Беласточчыне. Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава прадставілі відэасюжэты асвятлення акцый пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам. 

Журналіст і рэдактар сайта ПЦ “Вясна” Сяргей Сыс з Мінска прапанаваў на конкурс рэпартаж “Тры дні ў Чачні: місія салідарнасці беларускіх праваабаронцаў з Аюбам Ціціевым”.

Паводле рэйтынгавага галасавання, дыпломам “За адданасць прафесіі” ўганараваныя Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава.

Іх перамогу ўдзельнікі сходу віталі воплескамі. Відэасюжэты брэсцкіх калег мелі вялікі грамадскі розгалас, а самі журналісты зведалі пераслед міліцыі, затрыманні, неаднаразовыя штрафы. Бо менавіта два асноўныя чыннікі, пакладзеныя ў аснову конкурсу, вызначылі пераможцаў: грамадская значнасць творчых прац і годнае выкананне прафесійных абавязкаў, нягледзячы на складаныя ўмовы і перашкоды.

Пасля сходу сябры БАЖ правялі прэс-клуб “Персанальныя звесткі і межы прыватнасці”. Юрыст і сябра ГА “БАЖ” Алег Мацкевіч распавёў пра меркаваныя змены ў заканадаўстве ў звязку з новым законам “Аб персанальных дадзеных”, які вынесены на абмеркаванне Палаты прадстаўнікоў. Закон скіраваны на рэгуляванне ўзаемадачыненняў у звязку са зборам, апрацоўкай, распаўсюдам і падачай персанальных звестак.

Адбылася невялікая дыскусія з удзелам Алега Агеева. Безумоўна, закон закране і журналістаў, найперш — фрылансераў. У некаторых выпадках, відаць, давядзецца атрымліваць згоду сваіх герояў на распаўсюд іх персанальных звестак — гэта і фотаздымкі, і дата нараджэння, і прафесійны занятак.

Намеснік старшыні ГА “БАЖ” і прэс-сакратар Барыс Гарэцкі распавёў пра ўнутрыбажаўскі электронны перапіс сябраў, які праводзіць журналісцкая арганізацыя цягам кастрычніка — таксама персанальныя звесткі. Праз перапіс ГА “БАЖ” мае аднавіць кантакты, даведацца пра зацікаўленасці сваіх сябраў, пачуць прапановы наконт асвятлення дзейнасці асацыяцыі на сваім сайце. Адначасова цэнтральны офіс будзе мець абноўленую інфармацыю для рассылкі асабістых запрашэнняў да ўдзелу ў актуальных мерапрыемствах.