3236

Дваццаць другая справа супраць журналістаў за працу без акрэдытацыі

22.06.2015 Сюжэт: 22.9 КаАП

Улады вырашылі пайсці на рэкорд у змаганні супраць незалежных карэспандэнтаў. Сума штрафаў супраць БАЖаўцаў сёлета ўжо перакрочыла 100 мільёнаў рублёў.

18 чэрвеня сябру ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” патэлефанаваў супрацоўнік міліцыі Ленінскага РАУС г.Брэста.

Як паведаміў службе маніторынга ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алесь Ляўчук, міліцыянт заявіў, што супраць фрылансера распачаты адміністрацыйны працэс на падставе часткі 2 артыкула 22.9 Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях (“незаконны распаўсюд і выраб прадукцыі СМІ”).

Нагодай, паводле супрацоўніка міліцыі, ёсць рэпартаж на тэлеканале “Белсат”, дзе распавядаецца пра новае дасягненн вядомага футбаліста клуба “Дынама-Брэст” Рамана Васілюка, які першым з гульцоў зрабіў 100 галявых перадач у матчах чэмпіяната Беларусі ў вышэйшай лізе. Сам Васілюк, апытаны міліцыяй, не аспрэчыў факт свайго інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат” і ня бачыць у гэтым нічога кепскага. У сваю чаргу на падставе гэтага апытання праваахоўныя органы рыхтуюць у адносінах Алеся Ляўчука пратакол,які тычыцца абвінавачвання ў супрацоўніцтве з замежным СМІ без акрэдытацыі.

На падставе згаданага артыкула Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях Алеся Ляўчука судзілі ўжо двойчы: напрыканцы 2014 года незалежны журналіст быў пакараны пакараны штрафам памерам 40 базавых велічынь (6 мільёнаў рублёў), а сёлета ў сакавіку – штрафам у памеры 21 базавай велічыні (3 мільёна 780 тысяч рублёў), прычым другі суд адбыўся без удзелу самога фрылансера.