409

Два суды ў адзін дзень у журналіста-фрылансера Змітра Лупача

25.05.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 23.5 КаАП

У глыбоцкага журналіста-фрылансера Змітра Лупача зноў два суды ў адзін дзень. 25 траўня яго чарговую адміністрацыйную справу да абеду разгледзеў суд Глыбоцкага раёна, а пасля абеду яго чакае судовае пасяджэнне ў Браславе.

Журналіста абвінавацілі ў парушэнні Закона аб СМІ і прыцягнулі да адказнасці паводле часткі 3 артыкула 23.5 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). У Глыбокім пратакол на Змітра Лупача склаў маёр міліцыі Сяргей Цырбан, а ў Браславе — участковы інспектар Вадзім Бразоўскі.

Падставай для адкрыцця адміністрацыйных справаў сталі зноў жа фельетоны журналіста на YouTube тэлеканала “Белсат”.

Суд Глыбоцкага раёна ў асобе суддзі Андрэя Тарасевіча аштрафаваў Змітра Лупача на 30 базавых велічынь, што складае 870 беларускіх рублёў. Як зазначыў Зміцер, судовы працэс быў кароткім — доўжыўся ўсяго 14 хвілін.

У Браславе суд па справе журналіста прызначаны на 14.30.

У Браславе суддзя Вольга Пракопчык прысудзіла Змітру Лупачу штраф таксама ў 30 базавых велічынь (870 BYN).

Нагадаем, сёлета ў дачыненні Змітра Лупача было ўжо шэсць судоў  за супрацу з тэлеканалам “Белсат”, і толькі ў Докшыцкім судзе спынілі справу за недаказанасцю віны. У прыватнасці, 26 лютага 2021 года ў журналіста-фрылансера было аж тры суды ў адзін дзень.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!