3137 0

Дуня Міятавіч выступіла ў абарону беларускіх фрылансераў, СМІ і інтэрнэт-сайтаў

03.04.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Прадстаўніца АБСЕ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч заклікала беларускія ўлады спыніць пераслед супрацоўнікаў медыя і практыку стварэння перашкодаў журналістам у іх працы.

“Улады павінныя спыніць прымяненне абмежавальных захадаў у дачыненні да фрыланс-журналістаў і перастаць перашкаджаць ім спакойна і свабодна выконваць сваю працу”, – заявіла Міятавіч 3-га красавіка. – Канструктыўнае рашэнне гэтага пытання павінна быць дасягнута”.

Бюро прадстаўніка АБСЕ па свабодзе СМІ нагадвае пра нядаўнія штрафы Кастусю Жукоўскаму, Іне Хоміч, Алесю Ляўчуку, Ларысе Шчыраковай, Тамары Шчапёткінай і два штрафы Аліне Літвінчук, а таксама пра пагрозу прымянення аналагічных санкцый да Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча.

“Мой Офіс выказвае гатовасць дапамагчы ўладам любымі спосабамі, каб змяніць гэтую разбуральную тэндэнцыю і каб зрабіць магчымым дыялог і супольную дзейнасць урадавых установаў і медыяарганізацый па гэтым пытанні”, – заявіла Д. Міятавіч.   

Яна звярнула ўвагу таксама на рост колькасці папярэджанняў, выдадзеных Міністэрствам інфармацыі выданням за апошнія месяцы з нагоды нязначных парушэнняў. АБСЕ, спасылаючыся на афіцыйныя крыніцы ў Беларусі, назвала лічбу – 27 папярэджанняў 26-і выданням за перыяд са студзеня па сакавік 2015 г.

Акрамя таго, спн. Міятавіч згадала незалежныя навінавыя сайты, у тым ліку Charter97.org і Belaruspartisan.org, якія перыядычна трапляюць пад блакіроўку ў Беларусі.