344 0

“Думай. Гавары. Пішы. Не бойся”: У Гродне прадставяць летапіс свабоды слова за 35 гадоў

12.03.2018 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Як гарадзенскія журналісты адстойвалі права на свабоду слова і сваю прафесію? Якімі былі незалежныя выданні эпохі перабудовы і незалежнай Беларусі? Як стваралася гісторыя непадцэнзурнага слова ў Гродне?

Пра гэта раскажа вялікая выстава “Непадцэнзурная Гародня. 1983-2018”, якая стала своеасаблівым летапісам свабоды слова ў горадзе за апошнія 35 год.

Арганізавалі выставу пляцоўка HrodnaMediaRoom, Беларуская асацыяцыя журналістаў і Цэнтр гарадскога жыцця.

Канец 80-х — пачатак 90-х быў часам аптымізму, абуджэння грамадскай актыўнасці і веры ў свабоду, якая можа пабудаваць справядлівае грамадства. У гэты час адбыўся сапраўдны "бум" нараджэння прынцыпова новых выданняў, што стала абсалютная новай з'явай для нашага грамадства.

У 2000-я незалежныя журналісты ахрэсцілі Гарадзеншчыну "зонай" рызыкі": тут пачалася зачыстка незалежных СМІ, першыя пасадкі журналістаў за выказванне сваёй думкі. Разам з тым гарадзенцы паказалі прыклад сапраўднай прафесійнай салідарнасці, які будуць вывучаць на новых факультэтах журналістыкі ў будучай Беларусі.

“Наша выстава распавядае пра характэрную рысу жыхароў нашага горада — жаданне быць свабоднымі. Нават у самыя змрочныя часы ў Гародні заўсёды жылі людзі, якія былі свабоднымі і адстойвалі сваё права на гэта”, — кажуць арганізатары.

Выстава распавядае пра падзеі ў горадзе ад 1983 да сённяшняга дня: з’яўленне і знікненне першых непадцэнзурных часопісаў, газетаў “Рэанімова”, “Пагоня”, “Біржа інфармацыі” і “Рэпарцёр”; Радыё НБК; пераслед журналістаў і актывістаў і адстойванне імі свайго права на прафесію.

“Прадстаўленая выстава толькі частка велізарнай калекцыі архіўных матэрыялаў. Прыйдзе час, і яны стануць асновай для кнігі альбо музейнай экспазіцыі”, — адзначаюць арганізатары.

Выстава прысвячаецца 100-годдзю аднаўлення беларускай дзяржаўнасці — абвяшчэнню незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, якая фактычна заклала падмуркі сённяшняй незалежнай Беларусі і дэмакратычных каштоўнасцей, у тым ліку і свабоды слова.

Адкрыццё выставы адбудзецца 12 сакавіка ў 18.30 у Цэнтры гарадскога жыцця (Савецкая, 3). Уваход вольны.