207

Дрыбінскі актывіст, якога аштрафавалі за дыслайк у “Одноклассниках”, абскарджвае пакаранне

10.01.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

Грамадскі актывіст з Дрыбіна Андрэй Юркоў 8 студзеня накіраваў скаргу ў Магілёўскі абласны суд, у якой просіць адмяніць пастанову Дрыбінскага раённага суда па адміністрацыйнай справе за распаўсюд экстрэмісмцкай сімволікі паводле  ч.2 арт.17.11 КаАП.

Юркоў даводзіць у касацыйнай скарзе, што ў яго дзеяннях адсутнічае склад адміністрацыйнага правапарушэння, а справа была палітычна матываванай.

Ён просіць Магілёўскі абласны суд вынесці прыватнае вызначэнне на адрас суддзі Барыса Пігаля, які, на думку Юркова, прыняў заведама неправасудную пастанову па яго адміністрацыйнай справе. Таксама Юркоў просіць суд накіраваць прыватныя вызначэнні на адрас супрацоўнікаў Дрыбінскага РАУС і Магілёўскага аблвыканкама за парушэнне заканадаўства пры падрыхтоўцы яго адміністрацыйнай справы.

Юркоў сцвярджае, што не было ніякіх падстаў для адміністрацыйнага пераследу:ні лейтэнант міліцыі Станкевіч, які складаў адміністрацыйны пратакол, ні суддзя Барыс Пігаль так і не змаглі даказаць, што менавіта ён распаўсюдзіў інфармацыйную прадукцыю, як і тое, што гэта прадукцыя прапагандуе экстрэмісцкую дзейнасць ( у дадзеным выпадку — нацыскую сімволіку).

Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што пры разглядзе справы Юркова ў судзе Дрыбінскага раёна ў першую чаргу было парушана яго права на кампетэнтны суд.

— Справу разглядаў суддзя, які не карыстаецца сацыяльнымі сеткамі і не ведае іх прынцып дзеяння, таму ён проста не мог прыняць узважанае рашэнне па гэтай адміністрацыйнай справе, — зазначае праваабаронца.

Нагадаем, што 23 снежня суд Дрыбінскага раёна пакараў штрафам у 10 базавых велічынь (255 рублёў) мясцовага актывіста Андрэя Юркова за эмодзі “сумую” ў сацыяльнай сетцы “Одноклассники”.

Суддзя Барыс Пігаль палічыў, што паставіўшы значок “сумую” пад ілюстрацыяй, дзе параўноўваліся савецкі і нацысцкі рэжымы, Андрэй Юркоў распаўсюдзіў  экстрэмісцкую сімволіку і такім чынам здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне. На ілюстрацыі ў “Одноклассниках” утрымліваліся выявы савецкай і нацысцкай сімволікі, пасля таго, як актывіст націснуў “сумую”, дзякуючы алгарытму сацыяльнай сеткі допіс аўтаматычна з’явіўся на яго старонцы.

Сам Юркоў сцвярджаў, што ён не меў ніякага намеру распаўсюджваць чужы пост, а з дапамогай дыслайка выказваў негатыўнае стаўленне да нацысцкага і савецкага рэжымаў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!