528

Другі раз запар суд у Брэсце адправіў на дапрацоўку пратакол, складзены на мясцовага журналіста

09.04.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Журналіста-фрылансера, сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Яўгена Скрабца спрабуюць прыцягнуць да адказнасці паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП РБ — за працу на замежны СМІ без акрэдытацыі.

Яўген Скрабец

Падставай для складання пратакола пра адміністрацыйнае правапарушэнне ў дачыненні да журналіста стала публікацыя “Берасцейцам прадставілі адзін з сімвалаў горада”, змешчаная на сайце “Радыё Рацыя”.

Як высветлілася, участковы лейтэнант міліцыі Уладзімір Клышко зноў не здолеў скласці пратакол належным чынам, каб справа магла разглядацца ў судзе. У выніку Яўген Скрабец і выкліканыя другі раз у якасці сведак Аляксандр Башкоў (археолаг і выкладчык) і Аляксей Міцюкоў (дырэктар Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея) 8 красавіка так і не дачакаліся пачатку судовага працэсу.

Між тым, як паведаміў Яўген Скрабец, падчас знаходжання ў будынку суда Ленінскага раёна Брэста, ён атрымаў чарговы адміністрацыйны пратакол.

“Увечары 7 красавіка мне патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся ўчастковым інспектарам міліцыі Брэсцкага РАУС Андрэем Грыгаруком, і запрасіў наведаць аддзяленне, каб азнаёміцца з дапрацаваным адміністрацыйным пратаколам і атрымаць яго копію”, — кажа брэсцкі фрылансер.

З пратакола вынікае, што журналіст падазраецца ў здзяйсненні правапарушэння, прадугледжанага усё той жа часткай 2 артыкула 22.9 КаАП за размешчаны на сайце “Радыё Рацыя” матэрыял пад назвай “Актывістаў і незалежных журналістаў не пусцілі на прэс-канферэнцю ў Берасці”. Яўген Скрабец кажа, што акрамя копіі выпраўленага пратакола, нічога іншага ён не атрымаў. Таму, калі адбудзецца судовы разгляд паводле гэтай справы, засталося невядомым.