2156

Доступ да сайта БелаПАН быў заблакаваны

16.02.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Рэгуляванне Байнэту

У другой палове дня 15 лютага з-за хакерскай атакі доступ да сайта інфармацыйнай кампаніі БелаПАН адсутнічаў, – паведамляе рэдакцыя.

“Гэта здарылася ў дзень, калі адбываліся важныя падзеі ў жыцці краіны: мітынг індывідуальных прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы Мінска і пасяджэнне Савета ЕС у Бруселі, на якім разглядалася пытанне пра зняцце санкцый з большасці беларускіх чыноўнікаў”, – адзначае БелаПАН.

Цяпер сайт працуе ў звычайным рэжыме.

Гэта не першая хакерская атака на сайты інфармацыйнага агенцтва ў часе грамадска значных падзеяў.

3 кастрычніка 2015 года на naviny.by і belapan.by адбылася ddos-атака – як мяркуецца, пасля публікацыі рэзананснага матэрыялу пра прымусовы збор людзей на мерапрыемства з удзелам А.Лукашэнкі "Малітва за Беларусь". Доступ да сайтаў быў адноўлены 6 кастрычніка 2015 года.

19 снежня 2014 года ўзніклі праблемы з доступам да шэрагу сайтаў (belapan.com, belapan.by, naviny.by, belaruspartisan.org, udf.by, 21.by, gazetaby.com, zautra.by, charter97.org). РУП "Белтэлекам" заявіла пра ddos-атаку на абсталяванне цэнтра апрацоўкі дадзеных. Аднак пасля ліквідацыі наступстваў праблемы з доступам не вырашыліся. Ніводнае з дзяржаўных ведамстваў не ўзяло на сябе адказнасці за блакаванне. Доступ да сайтаў быў адноўлены 22 снежня 2014 года.