
Абмежаванні доступу да інфармацыі
Сітуацыя з доступам да інфармацыі для журналістаў шмат у чым абумоўлена неразуменнем або адмаўленнем заканадаўцамі і чыноўнікамі той ролі, якую закліканыя адыгрываць у грамадстве сродкі масавай інфармацыі.
Як следства – беларускае заканадаўства аб СМІ і правапрымяняльная практыка далёкія ад прызнання асаблівай ролі свабодных СМІ ў якасці «вартаўніка грамадства». Дзяржаўныя органы ў Беларусі не ўлічваюць «грамадскага інтарэсу» як катэгорыі, якая вызначае правамернасць прадастаўлення той ці іншай інфармацыі. Так, у Законе «Аб сродках масавай інфармацыі» адсутнічае якая-кольвек згадка пра грамадскія функцыі журналістаў і СМІ, гарантыі рэалізацыі іх права на доступ да інфармацыі ў сувязі з ажыццяўленнем прафесійнай дзейнасці.
Беларускае заканадаўства ўтрымлівае цэлы шэраг перадумоў для практычна бескантрольнага абмежавання права на атрыманне інфармацыі журналістамі. Пры гэтым у краіне адсутнічае незалежны орган, да якога было б можна апеляваць у такіх выпадках.
Закон «Аб сродках масавай інфармацыі» ўтрымлівае паняцце «інфармацыя абмежаванага доступу» (артыкул 37). Да такой інфармацыі, у прыватнасці, належаць:
- звесткi, што складаюць дзяржаўныя сакрэты, камерцыйную, асабістую або iншую ахоўваную законам таямніцу;
- звесткі пра сістэму арганізацыі, пра крыніцы, спосабы, метады, планы і вынікі аператыўна-вышуковай дзейнасці;
- матэрыялы дазнання, папярэдняга следства і судовага разбору да заканчэння вытворчасці па крымінальнай справе;
- іншая інфармацыя, прадугледжаная заканадаўчымі актамі.
У адпаведнасці з артыкулам 16 Закона «Аб дзяржаўных сакрэтах», такія звесткі падзяляюцца на дзве катэгорыі ў залежнасці ад цяжару магчымых наступстваў ад іх выдавання: дзяржаўную таямніцу і службовую таямніцу.
Дзяржаўная таямніца – гэта звесткі, у выніку выдавання або страты якіх могуць надысці цяжкія наступствы для нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.
Службовая таямніца – звесткі, у выніку выдавання або страты якіх можа быць нанесены істотны ўрон нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.
Аднясенне звестак да дзяржаўных сакрэтаў ажыццяўляецца дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі, надзеленымі гэтымі паўнамоцтвамі. У адпаведнасці з «Пералікам дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, надзеленых паўнамоцтвамi па аднясенні звестак да дзяржаўных сакрэтаў», зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25.02.2011 г. № 68 «Аб некаторых пытаннях у сферы дзяржаўных сакрэтаў», іх налічваецца каля шасцідзесяці.
Сярод іх, напрыклад, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Беларускі дзяржаўны канцэрн харчовай прамысловасці «Белдзяржхарчпрам», Беларускі дзяржаўны канцэрн па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці, Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія.
Такім чынам, асобныя дзяржаўныя органы і арганізацыі па ўласнай ініцыятыве маюць магчымасць ўводзіць абмежаванні на распаўсюд цэлых сегментаў інфармацыі.
Важна адзначыць, што прыведзены ў Законе аб СМІ пералік выпадкаў дапушчальнага абмежавання доступу да інфармацыі не закрыты і змяшчае адсылку да іншых «заканадаўчых актаў», што дае магчымасць для яго пашыральнага тлумачэння.
Так, у 2013 годзе былі ўнесеныя дапаўненні ў Закон «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі», які хоць прама і не тычыцца сродкаў масавай інфармацыі, але ўводзіць новую катэгорыю інфармацыі, распаўсюд і (або) прадастаўленне якой абмежавана – «службовая інфармацыя абмежаванага распаўсюду».
Да яе належаць звесткі, якія тычацца дзейнасці дзяржаўнага органа, юрыдычнай асобы, распаўсюд і (або) прадастаўленне якіх можа нанесці шкоду нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, грамадскаму парадку, маральнасці, правам, свабодам і законным інтарэсам фізічных асоб, у тым ліку іх гонару і годнасці, асабістай і сямейнага жыцця, а таксама правам і законным інтарэсам юрыдычных асоб, і якія ня аднесены да дзяржаўных сакрэтаў (артыкул 18/01).
Інфармацыя можа быць аднесеная да службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюду ў адпаведнасці з пералікам звестак, што вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, а таксама ў выпадках, прадугледжаных законамі Рэспублікі Беларусь і актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. З улікам таго, што прэзідэнт мае права прымаць акты нарматыўнага характару, якія не падлягаюць апублікаванню ў агульнадаступных крыніцах, у дзяржаўных органаў існуе магчымасць адмаўляць у доступе да інфармацыі на падставе яе далучэння да службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюду.
Закрытасць дзяржаўных органаў
Асаблівай праблемай для беларускіх журналістаў з'яўляецца жорсткая рэгламентацыя кантактаў дзяржчыноўнікаў з прэсай, якая фактычна не дапускае іх непасрэднага ўзаемадзеяння.
У адпаведнасці з артыкулам 22-1 Закона «Аб дзяржаўнай службе», «мэтазгоднасць публікацый і выступленняў дзяржаўных службоўцаў, звязаных з выкананнем службовых абавязкаў, вызначаецца кіраўніком дзяржаўнага органа, у якім дзяржаўны службовец займае дзяржаўную пасаду, або ўпаўнаважанай ім асобай».
Публікацыі і выступы дзяржаўных службоўцаў, звязаныя з выкананнем службовых абавязкаў, дапушчальныя толькі па даручэнні або са згоды кіраўніцтва і падлягаюць абавязковаму ўзгадненню з ім. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 65 ад 6 лютага 2009 г. «Аб удасканаленні працы дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый са сродкамі масавай інфармацыі», ва ўсіх дзяржаўных органах і арганізацыях функцыі зносін з прэсай ускладаюцца на прэс-сакратара або іншую асобу, якая падпарадкоўваецца непасрэдна кіраўніку дзяржаўнага органа.
Практычна пры ўсіх дзяржаўных органах створаныя прэс-службы (часам іх функцыі выконваюць ідэалагічныя аддзелы), якія манапалізавалі прадастаўленне інфармацыі СМІ, любыя заявы для прэсы дзяржаўных службоўцаў павінныя быць узгодненыя з імі.
Згодна з Указам Прэзідэнта № 65, агульная каардынацыя дзейнасці асоб, адказных за работу са СМІ, па пытаннях, што тычацца асвятлення праводжанай Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь дзяржаўнай унутранай і знешняй палітыкі, ажыццяўляецца Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Адміністрацыі Прэзідэнта сумесна з Нацыянальным прэс-цэнтрам Рэспублікі Беларусь і Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь ўпаўнаважаныя на пастаяннай аснове ажыццяўляць маніторынг дзейнасці асоб, адказных за працу са СМІ.
Акрэдытацыя як дазвол на прафесію
Дадатковым абмежаваннем права на атрыманне інфармацыі журналістамі ў Беларусі з'яўляецца парадак акрэдытацыі журналістаў, права на якую ім дае артыкул 35 Закона «Аб сродках масавай інфармацыі».
Хоць адсутнасць акрэдытацыі не павінна з'яўляцца перашкодай для свабоднага ажыццяўлення журналісцкай дзейнасці, на практыцы інстытут акрэдытацыі ў Беларусі часцяком выкарыстоўваецца для абмежавання доступу журналістаў да інфармацыі. Магчымасць для гэтага закладзена ў самым вызначэнні «акрэдытацыі журналіста сродку масавай інфармацыі», дадзеным у артыкуле 1 Закона аб СМІ, які характарызуе яе як «пацвярджэнне права журналіста сродку масавай інфармацыі асвятляць мерапрыемствы, якія арганізуюцца дзяржаўнымі органамі, палітычнымі партыямі, іншымі грамадскімі аб'яднаннямі, іншымі юрыдычнымі асобамі, а таксама іншыя падзеі, якія адбываюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і за яе межамі”. Акрэдытацыя трактуецца як рэалізацыя права дзяржаўнага органа або іншай установы дазволіць таму ці іншаму журналісту асвятляць яго дзейнасць.
Акрамя таго, Закон прадугледжвае (артыкул 35) абавязковую акрэдытацыю журналістаў замежных медыя Міністэрствам замежных спраў, якую могуць атрымаць толькі штатныя супрацоўнікі замежных СМІ. Адрозненні ў парадку акрэдытацыі журналістаў беларускіх і замежных СМІ носяць дыскрымінацыйны характар і перашкаджаюць журналістам, якія супрацоўнічаюць з замежнымі медыя, рэалізоўваць сваё права на атрыманне інфармацыі.
Аспрэчыць адмову ў акрэдытацыі немагчыма, паколькі суды адмаўляюцца прымаць такія скаргі на дзеянне (бяздзейнасць) дзяржаўных органаў і іх службовых асоб да разгляду. Напрыклад, суды першай і другой інстанцый адмовіліся разглядаць скаргу журналіста "Беларускага Радыё Рацыя» (Польшча) Віктара Парфёненкі, які сем разоў атрымліваў ад МЗС адмовы ў акрэдытацыі.
Найбольш уразлівай катэгорыяй ў пытаннях доступу да інфармацыі з'яўляюцца тыя, хто займаецца журналісцкай дзейнасці, не маючы магчымасці атрымаць акрэдытацыю з улікам таго, што дадзенае ў Законе аб СМІ вызначэнне журналіста фактычна не прадугледжвае магчымасці самастойнай журналісцкай працы па-за дамоўных адносін з рэдакцыямі СМІ. Да іх належаць журналісты-фрылансеры і блогеры. У большасці выпадкаў яны вымушаныя працаваць, не маючы легальнага статусу журналіста. У выніку фрылансеры, якія супрацоўнічаюць з замежнымі медыя, разглядаюцца як правапарушальнікі і падвяргаюцца адміністрацыйнаму пераследу.
Акрамя фармальных бар'ераў, беларускія незалежныя журналісты пастаянна сутыкаюцца падчас сваёй прафесійнай дзейнасці з процідзеяннем з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў, нядопускам на адкрытыя судовыя паседжанні і афіцыйныя мерапрыемствы, неабгрунтаванымі адмовамі ў прадастаўленні інфармацыі пры звароце ў дзяржаўныя органы і іншымі перашкодамі.