НЕ - ВАЙНЕ!
256

Добраахвотныя “шасцёркі”. Як прапагандысты здаюць спецслужбам свядомых беларусаў

24.11.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Усё часцей дзейнасць праўладных журналістаў скатваецца да жанру “даносу”. На падставе скаргаў ад “абураных” супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ ў асобах Рыгора Азаронка, Людмілы Гладкай, Ксеніі Лебедзевай зачыніліся кавярні, кнігарні, крамы, а шэраг закладзеных імі людзей трапілі за краты. Апошнім часам да “добраахвотных рэвізораў” далучыўся блогер Аляксей Голікаў, які выкрыў “сетку ворагаў” у аўтобусным парку. 

Індывідуальны прадпрымальнік у сферы рэкламы Аляксей Голікаў усплыў на ідэалагічным фронце на фоне драматычных падзеяў 2020 года — фіксаваў у родным Брэсце масавыя акцыі, а пасля выкладаў ролікі з крытыкай апанентаў улады. Так развярнуўся ў бок “аўтарскай  журналістыкі” і запачаткаваў уласны блог. 

Імпэт “аналітыка” хутка заўважылі, ён нават атрымаў эфірны час на тэлеканале “Сталічнае тэлебачанне”, дзе адзначыўся скандальнымі ўхваленнямі нацысцкіх расстрэлаў і шыбеніц падчас Другой сусветнай вайны як узору “жорсткай улады”. Гэтаксама ён цалкам апраўдваў гвалт сілавікоў у жніўні 2020-га: "гумовыя палкі, захопы і нават ліквідацыя”.

Быў пачаты збор подпісаў за прыцягненне журналіста да адказнасці, але ў праваахоўных структурах спусцілі гісторыю на тармазах. 

Праўда, у выніку Аляксею Голікаву не ўдалося вытрымаць канкурэнцыі з боку новай “зоркі” – яшчэ аднаго “аналітыка” Рыгора Азаронка – і ў жніўні мінулага года з ім развіталіся. 

Аляксей Голікаў вярнуўся ў Брэст і пачаў весці барацьбу з мясцовымі “бэчэбэшнікамі”. У прыватнасці, з яго нядаўняга паведамлення ў тэлеграм-канале стала вядома, што ГУБАЗіК затрымаў трох супрацоўнікаў гарадскога аўтапарка. Так сілавікі адрэагавалі на ранейшае “аблічальные” відэа блогера.

У роліку ён сцвярджаў, што на кіраўнічых пасадах аўтапарка заселі “актыўныя прадстаўнікі экстрэмісцкай бел-чырвона-белай ідэалогіі". Зрэшты, уся іх “віна” пацвярджаецца толькі тым, што яны ставілі лайкі пад допісамі з “антыдзяржаўным кантэнтам” у сацыяльнай сетцы "Одноклассники".

Ахвярамі пільнага “рэцэнзента” сталі ідэолаг прадпрыемства Ігар Парфянюк, які нібыта персанальна вінаваты, што ў 2020-м у Брэсце адбыліся масавыя пратэсты, а таксама начальнік вытворча-тэхналагічнага аддзела парка Аляксандр Сарока і начальнік аўтакалоны Сяргей Серада. Двое апошніх, паводле даноса, шчыравалі ў “знявагах Лукашэнкі і сілавікоў”.

У сваім відэа Аляксей Голікаў заклікаў праваахоўныя органы “паставіць выкрытых супрацоўнікаў аўтапарка да сцяны”. Гэта адсыл да звыклай практыкі сілавікоў запісваць “пакаяльныя” прызнанні ў злачынствах на фоне казённых дзвярэй.  

Праўда, пасля прафілактычнай гутаркі “абвінавачаных” блогерам супрацоўнікаў аўтапарка адпусцілі, узяўшы прафілактычныя падпіскі не выступаць супраць дзеючай улады.

Адметна, што па інэрцыі “ворагаў” прапагандыст шукае нават ва ўласнай сям’і. Яшчэ летась ён апублікаваў слязлівае відэа, у якім расказаў пра развод з жонкай…”бэчэбэшніцай”. Найбольш яго абурыла нават не развітанне з дзецьмі, а тое, што яго, такога ўганараванага за службу рэжыму, проста выставілі на вуліцу “без анічога”.

“Я выйшаў супраць таго бардаку, які пачынаўся ў краіне, але жонка мяне не падтрымала — яна “бэчэбэшніца” — і падала на развод. У дзяржаве, дзеля якой ты гатовы аддаць жыццё, пакласці галаву, існуе несправядлівасць. Фактычна я застаюся без усяго — без дому, без машыны, без дзяцей. Проста выкінуты на вуліцу. І калі ў вас яшчэ ўзнікне жаданне выходзіць за дзяржаву і за штосьці яшчэ — падумайце лішні раз”, — наракаў тады на наступствы “сацыяльнай несправядлівасці” Аляксей Голікаў.

Як аказалася, толькі сямейнай драмай гісторыя не завершылася. Наўздагон кіраўніцтва канала “Сталічнае тэлебачанне” ў аднабаковым парадку спыніла з ім працоўны кантракт, не даўшы амбітнаму блогеру зрабіць тэлевізійную кар’еру.   

Чытайце яшчэ:

У Даніі за 2000 эўра, у Літве за 20, у Польшчы чакаць 8 месяцаў. Як беларусам пабрацца шлюбам за мяжой

Спустя 10 лет после похищения Джона Кантли боевиками ИГ в Сирии судьба фоторепортера остается неизвестной

«Расейцы пайшлі, а Мінск застаўся разбірацца з ашалелым кіеўскім рэжымам». Што беларускія прапагандысты расказваюць на расійскім ТБ

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!