НЕ - ВАЙНЕ!
806

Difference Day у Еўропе

03.05.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Сёння дзень свабоды прэсы адзначаецца пад назвай Difference Day (твіт @differenceday16).

У Цэнтры выяўленчых мастацтваў, Брусэль, адбудзецца некалькі дыскусійных панэляў па праблемах сучаснай журналістыкі: маніторынг парушэнняў свабоды слова ў Еўропе (праект кіруецца “Індэксам цэнзуры”); правы журналістак у Турцыі; еўрапейскія СМІ, цэнзура і прапаганда; адбудзецца прагляд мінулагодняга фільма “У цэнтры ўвагі” пра каманднае раследаванне, якое пазней атрымала Пуліцэра.

Круглы стол, прысвечаны дню свабоды прэсы, адбыўся ў Маскве, з удзелам Надзеі Ажгіхінай, якая зусім нядаўна была абрана віцэ-прэзідэнтам “Еўрапейскай федэрацыі журналістаў”, і Аляксея Сіманава, прэзідэнта “Фонда абароны галоснасці”.

“Еўрапейская федэрацыя журналістаў” апублікавала інфаграфіку датычна парушэнняў правоў журналістаў за тры месяцы: са студзеня па канец сакавіка 2016 года ў Еўропе зафіксавана 43 фізічныя замахі, 87 пагроз, чатыры забойствы журналістаў; 62 блакіроўкі доступа, 22 юрыдычныя захады, 30 выпадкаў цэнзуры.

“Рэпарцёры без межаў” прасоўваюць назначэнне спецыяльнага дакладчыка ААН па бяспецы журналістаў (абнаўленні па хэштэгу #protectjournalists). Да гэтай кампаніі далучылася “Сусветная асацыяцыя газет і выдаўцоў”; быў створаны адмысловы сайт, на якім можна пакінуць свой голас у падтрымку ідэі стварэння спецдакладчыка.

Амаль 300 нямецкіх газет у Дзень свабоды прэсы апублікавалі мастацкую працу Ай Вэйвэя -- кітайскага мастака дысідэнта. Яго праца ўяўляе сабой узор шпалераў, створаны наручнікамі і камерамі назірання. Ідэя працы палягае ў тым, што індывідуальная свабода важная для свабоды інтэрнэта і свабоды слова ў цэлым. 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!