НЕ - ВАЙНЕ!
419

Дэпутаты ўхвалілі амністыю да “дня народнага адзінства”. “Палітвязняў”, сярод якіх 33 журналісты, праігнаравалі

10.11.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

10 лістапада дэпутаты Палата прадстаўнікоў адразу ў двух чытаннях прагаласавалі за праект закона "Аб амністыі ў сувязі з днём народнага адзінства". Палітзняволеных у пераліку на датэрміновае вызваленне не аказалася. Гэта значыць, сілавікам усё ж удалося “праціснуць” сваю пазіцыю адносна таго, каб “тэрарысты” ды “экстрэмісты” засталіся за кратамі.  

Яшчэ на пачатку верасня чыноўнікі розных рангаў анансавалі, што амністыя закране каля 8,5 тысяч зняволеных: прыкладна 4,5 тысяч  вызваляць, астатнім на 1 год скароцяць тэрмін пакарання.

Першапачаткова дапускалася, што пад “гуманітарны акт” падпадуць некаторыя затрыманыя ці ўжо асуджаныя апаненты рэжыму, якія “пакаяліся і сталі на шлях выпраўлення”, але ўжо ў канцы кастрычніка шэраг кіраўнікоў сілавых структураў адназначна далі зразумець: “палітычным” разлічваць няма на што. Гэта 10 лістапада падчас прадстаўлення законапраекта пацвердзіў і міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. 

У сваю чаргу старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка нагадаў, што папярэдняя амністыя здарылася ў 2020 годзе, але за гэты час “сур'ёзна змянілася сацыяльна-палітычная сітуацыя”.

“Важна не перайсці рысу, за якой меркаванні гуманнасці і міласэрнасці ўступаюць у супярэчнасць з інтарэсамі нацыянальнай бяспекі. Як быць з тымі, хто замахнуўся на суверэнітэт Беларусі, браў удзел у спробе дзяржаўнага перавароту, тэрарыстычных актах, сабатажы, распаўсюдзе нацысцкай ідэалогіі? Ці вартыя яны амністыі? Не ўпэўнены, што з гэтым пагодзяцца грамадзяне, чыё жыццё экстрэмісты паставілі пад удар дзеля сваіх карыслівых мэтаў. Не будзем забывацца, што збеглыя і іх заходнія гаспадары не пакідаюць спробаў сфармаваць у Беларусі пятую калону. Ці можна гарантаваць, што выпушчаныя на волю злачынцы не папоўняць яе шэрагі?", — аргументаваў кіраўнік ніжняй палаты парламента.

З заяваў, якія не толькі прагучалі ва ўнісон, а яшчэ і падрыхтавалі электарат да неабходнасці “жорсткай фільтрацыі” кандыдатаў, загадзя фармавалася выразная карціна, каго амністыя не закране. 

Перадусім гаворка пра асобаў з “чорных спісаў” КДБ і МУС, якія нібыта маюць дачыненне да “тэрарыстычнай” і “экстрэмісцкай” дзейнасці. Нездарма спецслужбы і праваахоўнікі апошнім часам так шчыравалі, літаральна оптам навешваючы ярлыкі “злачынцаў” на журналістаў, актывістаў, палітыкаў.       

Таксама на вызваленне апрыёры не могуць прэтэндаваць асуджаныя паводле "палітычных" артыкулаў. У прыватнасьці, за "распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці" (арт. 130 КК), "масавыя беспарадкі" (арт. 293 КК), "стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім" (арт. 361-1 КК), "абразу прэзідэнта" (арт. 368 КК), “знявагу прадстаўніка ўлады” (арт. 369 КК). 

Такім чынам, 2022-гі, пафасна аб’яўлены “Годам нацыянальнага адзінства”, яшчэ больш падзяліў беларусаў на тых, каго дзяржава лічыць “сваімі” (то бок лаяльнымі), і “выкрэсленых” з грамадскага парадку дня (фактычна чужынцаў).    

Выглядае, не выпадае разлічваць на амністыю і 33 журналістам, якія цяпер пад вартай (поўны пералік ТУТ). Некаторыя з іх асуджаныя на працяглыя тэрміны зняволення, нехта дагэтуль у чаканні судовых працэсаў. Зрэшты, шэраг прадстаўнікоў СМІ ўжо на волі пасля поўнага адбыцця пакарання, але іншых Следчы камітэт абяцае прыцягнуць да адказнасці на падставе так званай “дыстанцыйнай спецпрацэдуры”.     

Апошні раз сілавыя структуры, адказныя за сістэматызацыю “ворагаў народа”, абнавілі свае спісы ў пачатку лістапада. Сярод апублікаваных прозвішчаў нямала прадстаўнікоў масмедыя. Так, КДБ далучыў да “тэрарыстаў” экс-журналіста “Прессбола” і заснавальніка парталу  Sports.ru Дзмітрыя Навошу, а МУС зрабіў “экстрэмістамі” аглядальніка спартыўнага рэсурсу “Трыбуна” Аляксандра Івуліна, супрацоўнікаў Радыё “Свабода” Алега Груздзіловіча і Ігара Лосіка, хранікёра жывой прыроды і экс-кіраўнік “Аховы птушак Бацькаўшчыны” Віктара Фенчука.

Раней у табліцу “датычных да тэрарыстычнай дзейнасці” беларуская спецслужба ўнесла гродзенскага журналіста і актывіста Саюза палякаў Андрэя Пачобута, супрацоўніц зліквідаванага ўладамі партала Tut.by: Марыну Золатаву, Людмілу Чэкіну, Вольгу Лойку і Алену Талкачову, а таксама былую начальніцу сектара працы з электроннай інфармацыяй агенцтва БелТА Інну Можчанка.

У сваю чаргу праваахоўнікі прыпісалі “экстрэмісцкую дзейнасць” галоўнай рэдактарцы газеты “Новы час” Аксане Колб, былому дырэктару агенцтва БелаПАН Дзмітрыю Наважылаву, журналістцы “Белсата” Кацярыне Андрэевай, публіцысту і тэлевядоўцу Уладзіміру Мацкевічу, блогеру і прадзюсару Уладзіславу Савіну, YouTube-блогерцы Вользе Такарчук, вікіпедысту Марку Бернштэйну, аўтару літаратурных выданняў Міколу Папеку. 

Многія журналісты ўжо адбываюць суровыя пакаранні ці яшчэ ў следчых ізалятарах, аднак бальшыня праходзіць абвінавачанымі паводле артыкулаў, несумяшальных з аднабакова вызначанымі “правіламі гульні” у выглядзе сёлетняй амністыі. Гэта ўсё тыя ж палітызаваныя артыкулы кшталту "распальвання сацыяльнай варожасці", "стварэння экстрэмісцкага фармавання”, "знявагі прадстаўніка ўлады” альбо асабіста Лукашэнкі, нарэшце “датычныя да тэрарыстычна-экстрэмісцкай  дзейнасці”.    

Чытайце яшчэ:

Фотографа нет на месте событий. Как медиа иллюстрируют публикации?

Супрацьдзеянне прапагандзе і рэфармаванне регулявання медыясектару: у Страсбургу абмеркавалі праблемы беларускіх СМІ

Як рабіць грашовы перавод, як атаварваюцца вязні і што адбываецца з грашыма пасля вызвалення чалавека?

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!