315

"Дачны сезон". У Гродне праходзіць выстава фотанацюрмортаў Наталлі Дораш

23.01.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Вядомая ў Гродне фотамайстар, былая журналістка Наталля Дораш прадставіла 22 студзеня гарадзенцам сваю выставу “Дачны сезон. Нацюрморты”.

Ірына Новік і Наталля Дораш

Здымкі да выставы — 60 прац — рабіліся цягам апошніх дзевяці гадоў.

Як ствараліся фотатворы і ў чым адметнасць выставы распавядае Наталля Дораш:

— Калі была на лецішчы, з’яўляўся такі настрой: з’явіліся першыя яблыкі — раблю кампазіцыю з яблыкаў, памідорчыкі паспелі — трэба іх сфатаграфаваць, кветкі зацвілі — зрабіць абавязкова здымак. Я на лецішчы не вытрымліваю і пачынаю ствараць розныя букеты, гэта і дзікія кветкі, і люцікі, і часнок. А калі едзеш праз поле з макамі, то сарвеш іх і спяшаешся сфатаграфаваць.

Я і ў дзяцінстве стварала букеты, а яшчэ, узгадваю, у нас была гульня — так званыя “сакрэты”. Сутнасць гульні была такая: капалася ямка, у яе клаліся бліскучыя паперкі альбо фанцікі, пасля кветачкі, а зверху рабілася шкляное вакенца. І вось гэты прынцып “сакрэтаў” — здымаць праз шкло — я і рэалізавала ў гэтых букетах. Фонам для здымкаў выкарыстоўвала мокрае шкло, бо яно дадае такой маляўнічасці ў здымках, нібыта гэта намаляваны вобраз. Здымала на фотаапарат Canon 5 MKII, якому ўжо дзевяць год...

Натхняльніцай і куратаркай выставы стала рэдактарка спецпраектаў Hrodna.life Ірына Новік. На думку журналісткі, гэта выстава Наталлі Дораш складаецца з вельмі сонечных выяў.

— Здымкі, якія робіць Наталля, можна назваць творамі мастацтва. Зараз дэпрэсіўны такі сезон: мы чакалі зіму, а яе ўсё няма. Трэба нечым падтрымаць сябе, каб дажыць да лета, і такая выстава дае надзею, што хутка будзе лета, вернецца сонца і ўсё будзе добра ў гэтым жыцці, — кажа Ірына Новік.

Паглядзець працы Наталлі Дораш магчыма да 22 лютага ў гродзенскім Цэнтры гарадскога жыцця.

 

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!