340

Дачка Рыгора Кастусёва распавяла пра праблемы са здароўем у бацькі

11.11.2021

Па словах дачкі, кіраўнік партыі БНФ, сябра БАЖ Рыгор Кастусёў апынуўся ў турэмным шпіталі праз праблемы са здароўем яшчэ ў ліпені 2021 года. Цяпер яму патрабуецца аперацыя.

Кацярына Кастусёва распавяла пра сітуацыю з бацькам  Блогу «Отражение».

– Тата не адразу прызнаўся, што пасля затрымання ў яго пачаліся праблемы са здароўем, – кажа Кацярына, дачка лідара партыі БНФ Рыгора Кастусёва. – У ліпені я прывезла яму перадачу ў СІЗА КДБ, а мне кажуць: «У нас такога няма. Аказалася, ён у турэмным шпіталі».

За час у ізалятары палітыку рабілі біяпсію.

— Тату таксама нічога не кажуць, — апісвае сітуацыю дачка і адзначае: пасля шпіталізацыі Рыгор Андрэевіч аб сваім стане ад іх нічога не хавае.

Кацярына жыве ў Магілёве. Яе бацька 64-гадовы Рыгор Кастусёў знаходзіцца ў Менску ў СІЗА КДБ. Двойчы за месяц дачка ездзіць да яго з перадачай, у астатні час іх аб'ядноўваюць пасылкі і лісты. Апошняе паведамленне ад таты прыйшло 5 лістапада.

Нядаўна камера, дзе сядзіць Рыгор Кастусёў перахварэла COVID-19. Па словах Кацярыны, бацька скардзіўся на праблемы з дыханнем, цяпер, калі спрабуе рабіць нейкія фізічныя практыкаванні, збіваецца рытм сэрца.

— Не ведаю, гэта з-за каранавіруса або стрэсу, — губляецца ў здагадках Кацярына, яна не медык, а работнік у сферы культуры. - У КДБ, куды я звярталася з пытаннямі пра яго здароўе, першы раз адказалі: прызначаны курс лячэння, а ў другі раз — прамаўчалі.

Пра ўмовы ў камеры бацькі Кацярыне таксама амаль нічога не вядома. Ведае, што першы час у СІЗА ён спаў на падлозе: кагосьці мусілі перавесці, і ён чакаў месца.

Рыгора Кастусёва затрымалі ў красавіку 2021-га. Абвінавачанне яму прад'яўлена паводле ч.1 арт. 357 КК РБ – справа аб змове з мэтай захопу ўлады.

Пра тое, што бацьку са Школава, дзе ён з жонкай жыў, павезлі ў Мінск у КДБ, Кацярына даведалася на наступны дзень. Мама вырашыла паведаміць дачцэ толькі на раніцу.

Даведка: Рыгор Кастусёў уключыўся ў актыўную грамадзянскую дзейнасць у 1980-х: у 1989-м уступіў у БНФ. Кацярына жартуе, колькі яна сябе памятае, столькі яе бацька ў палітыцы. У 2010-м ён удзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах і, паводле звестак ЦВК, з 10 кандыдатаў заняў чацвёртае месца.

— Тату і раней затрымлівалі (пасля падзеяў 19 снежня 2010-га яго змясцілі ў ізалятар КДБ. — Заўв. «Отражение»). Бывала, ён мог выйсці з пад'езда, каб ехаць у нейкую паездку, але замест гэтага аказваўся ў міліцыі. У пратаколах пісалі, нібыта ён лаяўся матам ці, напрыклад, мачыўся каля падʼезда. Нядаўна ўзгадвалі з сястрой, як гадоў пяць таму, калі яна збірала яму перадачу ў ізалятар, вырашыла зварыць пяльменяў. Звычайна такое нельга, але тут усё склалася. Пяльмені і ўзялі, і нават перадалі. Тата расказваў: яны з сукамернікамі вельмі здзівіліся і падзялілі па пары штук паміж сабой, — успамінае дачка.

Рыгору Кастусёву прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся.

— Прашэнне — гэта прызнанне віны, але ён ні ў чым не вінаваты, што ён будзе прызнаваць. У гэтым рашэнні я яго поўнасцю падтрымліваю. Я б паступіла таксама, — адзначыла Кацярына Кастусёва.

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!