274

«Дабро заўсёды вяртаецца». Палітвязень Аляксандр Івулін атрымаў паштоўку, якую сам напісаў шэсць гадоў таму

25.09.2021 Крыніца: "Новы Час"

Да палітвязняволенага журналіста Аляксандра Івуліна паштоўка вярнулася праз шэсць гадоў — колішні выхаванец з дзіцячага лагера захоўваў яе ўвесь гэты час.

«Вестачкі ад усіх вязняў важныя, каштоўныя і доўгачаканыя. А ўжо ад свайго брата-журналіста і пагатоў. Вось толькі горка, што ад журналістаў лістоў прыходзіць менш, чым ад каго, — піша ў фэйсбуку віцебская журналістка Таццяна Матвеева, якая атрымала ўжо трэцюю паштоўку ад Аляксандра Івуліна.

— Саша трымаецца крута. Нават у радках ліста, амаль у кожным сказе, адчуваецца ягоная фірмовая ўсмешка.

Памятаеце хлопчыка Захара, які напісаў Івуліну кранальны ліст са словамі падтрымкі і якому журналіст хацеў даслаць падарунак, але не ведаў куды? Дык вось Сашыны сябры знайшлі Захара — і падарунак ужо ў хлопчыка.

Яшчэ Саша распавёў у лісце, што раней працаваў у летніку важатым. І ў канцы змены дарыў дзецям паштоўкі. І адна з гэтых паштовак… вярнулася да Івуліна. Праз 6 год! На Валадарку. Былы выхаванец даслаў яе Сашы і напісаў, што «доўгі час гэтая паштоўка шмат для мяне значыла».

«Ох, і хто мне цяпер скажа, што дабро не вяртаецца? Галоўнае, рабіць усё шчыра і бескарысліва, тады ўсё здараецца», — упэўнены Саша Івулін.

Даслаў мне паштоўку са смайлікам, ад якога разыходзяцца промні з «рэцэптам» шчаслівага жыцця.

Паводле «Наша Нівы»

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!