146 0

Да з’езду ГА “БАЖ” — тыдзень. Рада падвяла вынікі працы за тры гады

14.04.2018 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Больш за чатыры сотні мерапрыемстваў, кампаній, адукацыйных і праваабарончых курсаў — такі вынік працы арганізацыі за тры гады. У пятніцу, 13 красавіка, рада Беларускай асацыяцыі журналістаў на сваім апошнім пасяджэнні ў цяперашнім складзе падвяла вынікі працы і абмеркавала дакументы, якія будуць разглядацца на з’ездзе арганізацыі 20 красавіка 2018 года.

Старшыня ГА "БАЖ" Андрэй Бастунец

Галоўным пунктам парадку дня Рады стала абмеркаванне справаздачы арганізацыі за тры гады. Вынікамі трохгадовай працы падзяліліся адказныя за розныя накірункі дзейнасці: Андрэй Бастунец, Алег Агееў, Аліна Суравец, Барыс Гарэцкі, Вольга Хвоін і Андрусь Клікуноў.

Прававая падтрымка

— Правая падтрымка сябраў арганізацыі і паляпшэнне сітуацыі са свабодай слова застаецца прыярытэтам дзейнасці БАЖ, — нагадаў кіраўнік юрыдычнай службы арганізацыі Алег Агееў.

Гэтая праца ажыццяўляецца ў чатырох накірунках:

1. Непасрэдная абарона правоў сябраў ГА “БАЖ”, калі іх прыцягваюць да адказнасці за сваю прафесійную дзейнасць. Абарона ажыцяўдяецца як на нацыянальным узроўні (ў судах і іншых дзяржаўных органах, пры затрыманнях і г. д.), так і на міжнародным.  Юрысты БАЖ рыхтуюць скаргі на рашэння судоў, звяроты ў дзяржаўныя органы і ўстановы дзеля прадухілення парушэння правоў журналістаў і з мэтай пакарання вінаватых. Акрамя таго, рыхтуюцца звароты ў міжнародныя інстанцыі, напрыклад у Каміэт па правах чалавека ААН, спецдакладчыкам ААН і г.д. Таксама праводзяцца індывідуальныя кансультацыі журналістаў у выпадках прыцягнення іх да адказнасці.

2. Праца над удасканаленнем дзеючага заканадаўства аб СМІ і практыкі яго прымянення.

Мэтай гэтага накірунку з’яўляецца паляпшнне прававых умоў дзейнасці журналістаў і СМІ, пашырэнне прасторы свабоды слова. Гэта робіцца шляхам аналізу заканадаўства, выпрацоўкі і лабіявання прапаноў па зменах. Прычым, лабісцкія захады прадпрымаюцца як у Беларусі, так і на пляцоўках міжнародных устаноў, у якія ўваходзіць наша краіна (ААН, АБСЕ) і з якімі супрацоўнічае (напрыклад, Рада Еўропы, структуры Еўрасаюза і г. д.).  

3. Папярэдняя праца з журналістамі з мэтай пазбегнуць магчымых прэтэнзій.

У гэтым накірунку праводзіцца  інфармаванне пра змены заканадаўства і практыкі яго рэалізацыі. Таксама ладзяцца семінары, трэнінгі па прававых пытаннях, іншыя формы калектыўнай і індывідуальнай працы з журналістамі. Праводзіцца папярэдняя прававая экспертыза артыкулаў ці іншых матэрыялаў у СМІ, каб пазбегнуць прэтэнзій да рэдакцый і журналістаў. Публікуюцца артыкулы на прававыя тэмы у розных медыя, каментуецца ў шматлікіх матэрыялах практыка прымянення заканадўства, звязанага са свабодай слова.

4. Узмацненне патэнцыялу і досведу юрыстаў БАЖ.

Гэта робіцца, каб юрысты, якія дапамагаюць сябрам БАЖ у прававых пытаннях, рабілі гэта больш якасна і прафісійна, дамагаліся рэальных поспехаў. Для дасягнення гэтай мэты ладзяцца сумесныя адукацыйныя і іншыя мерапрыемствы, на якіх распаўсюджваюцца веды пра сучасныя метады працы з дзяржаўнымі і міжнароднымі установамі, разглядаецца актуальная практыка прымянення правых нормаў, што рэгулююць дзейнасць журналістаў і СМІ. Таксама юрыстаў БАЖ накіроўваюць на адукацыйныя праграмы ў галіне свабоды слова, — расказаў Алег Агееў.

 

Кампанія “Права на інфармацыю”

— Адстойванне права на атрыманне інфармацыі заўсёды было і застаецца адным з галоўных накірункаў працы БАЖ. У 2015 і 2017 гадах Асацыяцыя правяла два маштабныя апытанні журналістаў вядучых беларускіх СМІ на прадмет якасці працы працы прэс-службаў дзяржаўных ведамстваў і доступу да інфармацыі, — распавёў сябра Рады БАЖ Барыс Гарэцкі.

Аналіз “Рэйтынгаў закрытасці” паказаў, што адмоўнымі лідарамі рэйтынгаў абодва разы аказваліся  ААЦ, КДБ, Міністэрства абароны, Міністэрства аховы здароў’я, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства інфармацыі.

Разам з тым заўважаны і пазітыўныя змены.

Напрыклад, у 2015 годзе сістэма судоў Беларусі была, паводле меркаванняў калег, на чацвёртым з канца месцы, калі ацэньваць магчымасць доступу да інфармацыі. А на сённяшні дзень сістэма судоў, на думку калег, стала адной з найбольш адкрытых, — падвёў вынікі працы Гарэцкі.

 

Адукацыйныя праграмы

— Прафесійнае развіццё і падтрымка журналістаў. Дзейнасць у гэтым накірунку была сканцэнтравана на ўдасканаленне сістэмы павышэння кваліфікацыі журналістаў і рэдактараў. Адукацыйныя праграмы ставілі  на мэце адаптаваць журналіста да імклівых зменаў у прафесіі. За апошнія тры гады праз бясплатныя адукацыйныя праграмы БАЖ прайшлі больш за 300 чалавек. За гэты час былі арганізаваны 27 стацыянарных вочных і завочных курсаў, — распавёў прадстаўнік адукацыйнага накірунку ГА “БАЖ” Андрусь Клікуноў.

— Двухмесячныя модульныя курсы  БАЖ ставілі на мэце дапамогу журналісту ў авалоданні новымі інструментамі ў розных галінах: ад фота і відэа, да сацыяльных сетак і журналістыкі дадзеных. Усе курсы практыкаарыентаваныя. Імкнемся  набіраць не больш за 12-14 чалавек на курс. Гэта аптымальная лічба, якая дазваляе трэнеру эфектыўна адсочваць выніковасць практычных заданняў. Але часам колькасць заявак зашкальвае за 60. І тады вымушаныя павялічыць набор да 20-25. БАЖ актыўна прыцягвае замежных трэнераў, якія могуць пашырыць «беларускія гарызонты» і паказаць досвед працы журналіста ў Швецыі і Латвіі, Украіне і Расіі, Польшчы і Нарвегіі, — падвёў вынікі працы Клікуноў.

Умацаванне арганізацыйнага патэнцыялу

— Шмат увагі ў філіях БАЖ надавалася прафесійнаму развіццю рэгіянальных журналістаў. За тры гады, па запытах рэгіянальных сябраў БАЖ, было арганізавана і праведзена на месцах 37 майстар-класаў, 38 трэнінгаў, 19 семінараў. Найбольш запатрабаванымі былі тэмы пра сацыяльныя сеткі, стварэнне фота і відэа-матэрыялаў, прававую бяспеку і прафесійнае выгаранне, — гаворыць пра адукацыйныя праграмы ў межах праграмы рэгіянальнага супрацоўніцтва намесніца старшыні ГА "БАЖ" Аліна Суравец.

Больш папулярнымі ў філіях сталі міжрэгіянальныя трэнінгі, семінары, майстар-класы, якія даюць не толькі новыя веды, але і абмен асабістым досведам з журналістамі іншых СМІ і рэгіёнаў, таму і карысць ад іх удвая большая.

Яшчэ адна тэндэнцыя апошніх гадоў: у рэгіёнах сталі запатрабаванымі не толькі сталічныя трэнеры і журналісты, а ўсё часцей на адукацыйныя мерапрыемствы філіі і суполкі запрашаюць мясцовых трэнераў і з іншых рэгіёнаў.

Цягам трох апошніх год для рэгіянальных журналістаў і СМІ ладзіліся доўгатэрміновыя адукацыйныя курсы (ад паўгода да 3 год):

- Канвергентныя СМІ — для рэдакцыяў, якія пераходзілі з прынта на анлайн;

- Медыяцыя — для журналістаў, якія мелі жаданне набыць веды па вядзенню перамоваў і вырашэнню канфліктаў;

- Медыябізнес — для рэдактараў і журналістаў, якія хочуць зарабляць грошы праз медыяпраекты;

- Школы журналістыкі (5 ў рэгіёнах і 2 у Мінску), для журналістаў-пачаткоўцаў, якія маюць жаданне далучыцца да прафесіі.

Праз Школы журналістыкі за 3 гады прайшло больш за 95 журналістаў (большасць з рэгіёнаў). Яны змаглі набыць асноўныя веды па журналістыцы ад практыкуючых журналістаў. Спецыяльна для Школы былі загаддзя падрыхтаваныя дзевяць трэнераў, якія і дапамагаюць навучэнцам зрабіць 10 крокаў да якаснай журналістыкі.

У 2018 года будзе зладжана яшчэ адна Школа журналістыкі ў Мінску.

Амаль год БАЖ ладзіў для сваіх сябраў курс па медыяцыі. Група з 18 журналістаў, рэдактараў, супрацоўнікаў рэдакцыяў навучалася вядзенню перамоваў і ўменню вырашаць канфлікты. У чэрвені 2017 года мы арганізавалі летнюю Школу медыяцыі, праз якую прайшло больш за 35 удзельнікаў. У  навучэнцаў курса па медыяцыі была магчымасць папрактыкавацца вядзенню складаных перамоваў, пошуку механізмаў уздзеяння на канфліктную сітуацыю. Вынікам праграмы можна лічыць тое, што ў рэгіёнах цяпер ёсць 10 медыятараў, якія здольны весьці перамовы, дапамагаць журналістам ў канфліктных сітуацыях, выступаць медыятарамі (трэцім бокам) у спрэчках, прасоўваць практыкі медыяцыі ў медыяасяродак.

Разам з Бізнес-школай ІПМ (упершыню мы мелі такі досвед) БАЖ зладзіў курс па медыя-менеджменце. З 23 удзельнікаў (адабраных з 84 заявак), да абароны  праектаў дайшлі толькі 16. Былі адабраны 4 лепшыя рэгіянальныя праекты, якія атрымалі падтрымку і суправаджэнне праекта на год ад бізнес-кансультанта.

“Зарабляць грошы для сваіх выданняў”: узнагароджаныя лепшыя праекты курса па медыябізнесе ШМАТ ФОТА

Агучаныя лепшыя праекты ў рамках адукацыйнага курсу па медыябізнэсе

Праграма “Канвергентныя СМІ” працягваецца, праз яе прайшлі не толькі ўласнікі СМІ і галоўныя рэдактары, але і рэдактары сайтаў, рэкламныя службы, дызайнеры выданняў, сістэмныя адміністратары. Распачата кампанія па ўсталяванні ліцэнзійнага софту на рэдакцыйнае абсталяванне. Арганізавана дапамога ў забеспячэнні захоўвання архіўнай і бягучай інфармацыі на розных носьбітах. Праводзяцца персанальныя і рэдакцыйныя кансультацыі па вэб-рэкламе, бізнес-стратэгіях, персаналу, манетызацыі сайтаў, стварэнні мультымедыйнага кантэнту, банка дадзеных і іншых накірунках.

 

Умацаванне арганізацыйнага патэнцыялу

Мэтамі дзейнасці ў гэтым стратэгічным накірунку былі  вызначаныя:

  • актыўны ўдзел сябраў ГА “БАЖ” у жыцці арганізацыі;
  • умацаванне філій і суполак арганізацыі і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, удасканаленне сістэмы камунікацыі;
  • умацаванне матэрыяльнай базы арганізацыі і яе фінансавай устойлівасці (абнаўленне аргтэхнікі і праграмнага забеспячэння, наяўнасць памяшкання для адукацыйных і працоўных сустрэч, аптымізацыя сістэмы сяброўскіх унёскаў у арганізацыі);
  • аптымізацыя сістэмы кіравання і арганізацыі працы офіса арганізацыі;
  • фармаванне пазітыўнага іміджу БАЖ.

У сакавіку мы перагледзілі і дапрацавалі Стратэгію арганізацыі на 2018-2020 гг.. Акрамя апісальнай часткі і асноўных накірункаў дзейнасці арганізацыі, распрацавалі план рэалізацыі стратэгіі БАЖ на 3 гады.

Стратэгія будзе прадстаўлена на з’ездзе БАЖ.

Агульныя мерапрыемствы ГА "БАЖ"

У 2016-2017 гг. БАЖ арганізаваў і правёў тры вялікія канферэнцыі:

Канферэнцыя “Прафесійная этыка: сучасныя выклікі — пошук рашэнняў” праходзіць у Мінску (ФОТА)

Канферэнцыя “Медыя Беларусі: выклікі і шанцы”

Канферэнцыя БАЖ — МФЖ “Перспектывы і выклікі фрыланс-журналістыцы ў Еўропе. Адмысловы фокус на Беларусі”

Канферэнцыя БАЖ — МФЖ: Беларусь – адна з найбольш варожых да журналістаў краіна

Гэтыя мерапрыемствы сталі пляцоўкай для публічнага абмеркавання медыйных пытанняў. У канферэнцыях прынялі актыўны удзел FOJO, БСЖ, АБСЕ, МФЖ, ЕФЖ, медыя-эксперты з некаторых краін СНГ і Эўропы. 

У 2017 годзе БАЖ выступіў арганізатарам працэсу напісання Стратэгіі незалежнага медыясектару Беларусі. Было праведзена 4 сесіі, на якія запрашаліся прадстаўнікі медыясектару Беларусі, медыя-эксперты, НДА. У працы над Стратэгіяй прынялі ўдзел звыш 80 асобаў. Дакумент прадстаўлены супольнасці праз мэтанакіраваную рассылку, хутка з’явіцца ў адкрытым доступе. БАЖ арганізоўваў працэс напісання Стратэгіі незалежнага медыя сектара. Усе астатнія дзеянні па падпісанні і  рэалізацыі Стратэгіі будзе выконваць орган, які створыцца з падпісантаў дакумента.

Рэгіянальныя структуры

У Беларускай асацыяцыі журналістаў на красавік 2018 года існуе 19 рэгіянальных філій і суполак, з іх 4 маюць афіцыйны статус (рэгістрацыю ў рай- і аблвыканкамах) і 15 з’яўляюцца суполкамі сябраў БАЖ па месцы жыхарства. За справаздачны перыяд (апошнія 3 гады) рэгіёны падраслі на 68 сябраў і стварылі 1 новую суполку — у Ганцавічах.

Цягам 20015 – 2017 гадоў у філіях адбылося 96 сходаў. На першы погляд гэта лічба выглядае бюракратычна, але рэальна за апошнія гады сябры ў філіях сталі больш шчыльна камунікаваць, ладзіць больш імпрэзаў, акцыяў салідарнасці з калегамі і актыўнымі грамадзянамі.

За 3 гады рэгіянальнымі філіямі было зладжана 13 прэс-тураў, 32 творчыя і літаратурныя сустрэчы, 26 прэс-клубаў, 15 круглых сталоў

Лідарскі курс

Добрай падтрымкай для працы філіяў ў 2017 годзе стаў лідарскі курс для рэгіянальных актывістаў, які быў зладжаны супольна з Міжнароднай федэрацыяй журналістаў. Большасць філіяў адгукнулася на прапанову даслаць на курс актывістаў. У выніку склалася група з 16 актывістаў, якія мелі жаданне набыць грамадскія кампетэнцыі і актыўна працаваць на ўмацаванне патэнцыялу філіяў і арганізацыі ў цэлым.

У рамках лідарскага курса актывісты не толькі набывалі веды, але і мелі магчымасць распрацаваць і рэалізаваць асабістыя міні-праекты. Праца над імі распачалася ў час сесіі, якая была прысвечана праектнай дзейнасьці і планаванню розных мерапрыемстваў. Дзякуючы лідарскаму курсу атрымалі жыццё ініцыятывы: Hrodnamediaroom (Вольга Корсун), бардаўскі фэст у Браславе (Ілля Дзянісаў), дэбаты ў Магілёве (Алесь Буракоў), Фармальныя сустрэчы журналістаў (Антон Сурапін) ў Баранавічах, Гародні і МІнску, вандроўка на радзму С. Алексіевіч (Марына Драбышэўская), вела-тур праз Белавежскую пушчу (Максім Хлябец), фільм пра Чарнобыльцаў (Алена Шабуня) і г.д.

 

Сайт БАЖ

— Сайт BAJ.by з’яўляецца інтэрактыўнай пляцоўкай для сустрэч сябраў БАЖ, а таксама ўсіх, хто мае дачыненне да журналісцкай дзейнасці альбо цікавіцца журналістыкай. Гэта карпаратыўны рэсурс, закліканы ўмацаваць сяброўскія і прафесійныя сувязі ўнутры арганізацыі і ўсёй журналісцкай супольнасці Беларусі, — распавяла рэдактар сайта БАЖ, сябра Праўлення арганізацыі Вольга Хвоін.

Сайт BAJ.by — крыніца інфармацыі пра дзейнасць арганізацыі, пра падзеі ў галіне журналістыкі і СМІ ў Беларусі і за яе межамі. Акрамя штодзённай стужкі навін, тут сабраная таксама сістэматызаваная аналітычная інфармацыя пра сітуацыю са СМІ ў Беларусі з 2002 г. Гэта таксама сервісная інфармацыя для сябраў арганізацыі і журналістаў: абвесткі пра прафесійныя конкурсы і навучанне, інтэрактыўны каляндар інфармацыйных нагодаў, каардынаты экспертаў і г. д.  

У 2015 годзе сайт пераехаў на новую платформу, быў зменены дызайн сайта. Гэта зрабіла інтэрфейс больш простым і зразумелым карыстальнікам. Таксама з канца 2015 года была зкарэктаваная рэдакцыйная палітыка. Калектыў сайта пачаў стала працаваць у сацсетках, больш шырока асвятляць падзеі, што адбываюцца ў медыйнай сферы. Гэта пазітыўна паўплывала на дынаміку наведвальнасці сайта. А сацыяльныя сеткі,у прыватнасці facebook, дазволілі пашырыць дыскусію і абмеркаванні ў медыйнай супольнасці.

Аснову інфармацыйнага напаўнення сайта baj.by складае ўласны кантэнт (выключэннем з’яўляюцца рубрыкі “Замежжа”,  “Конкурсы і навучанне”, дзе вялікая колькасць запазычаных з іншых СМІ матэрыялаў). У сярэднім штодзень публікуецца каля пяці ўласных матэрыялаў у розных рубрыках. Таксама штодня сайт публікуе адзін уласны галоўны матэрыял.  Сайт таксама асвятляе падзеі, якія ладзяць партнёры арганізацыі.

На сайце змяшчаецца аператыўная і выніковая інфармацыя па маніторынгу сітуацыі ў сферы свабоды слова і медыя ў Беларусі. Гэтую інфармацыю ў сваіх справаздачах выкарыстоўваюць паважаныя правабарончыя арганізацыі- партнёры БАЖ, такія як Камітэт абароны журналістаў, Міжнародная федэрацыя журналістаў, Рэпарцёры без межаў і іншыя.

Рэдакцыя сайта мае планы планамерна нарошчваць аўдыторыю. На гэты год мы плануем дадаць яшчэ 7 % да колькасных паказчыкаў працы сайта.  Таксама рэдакцыя мае намер зрабіць акцэнт на выхад у офлайн. Маюцца на ўвазе асветніцкія сустрэчы з цікавымі асобамі. Гэта дазваляе не толькі ствараць інфанагоду, але і будаваць супольнасць. Што важна для БАЖ як для грамадскай арганізацыі. Шэраг такіх сустрэч ужо адбылося ў пачатку гэтага года, — расказала Вольга Хвоін.

 

Акрамя падвядзення вынікаў працы на пасяджэнні рады былі абмеркаваныя папраўкі, прапанаваныя Камісія па этыцы БАЖ у Кодэкс журналісцкай этыкі. Іх прадставіў сябра Камісіі Валер Карбалевіч.

— У раздзеле “Прынцыпы пошуку і атрымання інфармацыі” ў артыкуле “Не павінны публікавацца матэрыялы, атрыманыя шляхам падслухоўвання і далучэння да тэлефоннай размовы” тэкст прапануецца замяніць на “Не павінны публікавацца матэрыялы, атрыманыя шляхам парушэння таямніцы карэспандэнцыі, таямніцы тэлефонных і іншых паведамленняў ці іншым неправамерным спосабам”.

У раздзеле “Прынцыпы публікацыі” ў артыкуле “Характарызаваць людзей у матэрыялах СМІ па расавым прызнаку, веравызнанні, нацыянальнасці…” прапануецца замяніць на “Згадваць пра расу, веравызнанне, нацыянальную ідэнтычнасць, сексуальную арыентацыю чалавека дапушчальна толькі ў тых выпадках, калі гэта мае істотнае значэнне”.

Таксама прапануецца ўнесці дадатковы пункт аб працы з крыніцамі інфармацыі: “Паважаць крыніцы інфармацыі. У працы з крыніцамі інфармацыі памятаць: не кожны грамадзянін мае ўяўленне пра наступствы публікацыі яго інфармацыі, таму гэта трэба патлумачыць. Публікацыю ліста неабходна ўзгадніць”.

У раздзеле “Прынцыпы публікацыі” ў артыкуле “Выкладаючы факты, каментуючы іх і ўступаючы ў палеміку па тых ці іншых пытаннях, журналіст абавязаны прытрымлівацца этыкі і культуры дыялогу, пазбягаць непавагі да чалавека, з якім палемізуе”, Камісія па этыцы прапануе дадаць  сказ: “Выкарыстанне абсцэннай лексікі ў палеміцы ці каментарах недапушчальнае”.

У раздзеле “Прынцыпы пошуку і атрымання інфармацыі” замест  “Нельга ідэнтыфікаваць дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў, якія сталі ахвярамі ці сведкамі сексуальных злачынстваў” прапануецца напісаць “Нельга ідэнтыфікаваць асобаў ва ўзросце да 18 гадоў, якія сталі ахвярамі ці сведкамі сексуальных злачынстваў”.

Таксама у Кодэкс прапануецца дадаць пункты “Прафесійны журналіст не можа выкарыстоўваць агрэсіўныя, здзеклівыя, абразлівыя паводзіны, як спосаб віртуальнай камунікацыі” і “Перадрукоўка матэрыялаў з іншых СМІ павінна суправаджацца спасылкай, а таксама згадкай аўтара публікацыі. Змена арыгінальнага загалоўка і праўка зместу публікацыі павінна ўзгадняцца з першакрыніцай. Тое ж датычыцца і ілюстрацыйных матэрыялаў (фота, відэа)”.

 

Завяршылася пасяджэнне рады Беларускай асацыяцыі журналістаў урачыстым момантам. Сябры арганізацыі павіншавалі з юбілеем сябра БАЖ, доктара юрыдычных навук і колішняга кіраўніка Цэнтру прававой абароны СМІ Міхаіла Пастухова, якому 7 красавіка споўнілася 60 гадоў.

Михаил Пастухов: Неудавшееся дело об импичменте стало точкой невозврата к демократии

Таксама падзяку за шматгадовую плённую і адданую працу ўручылі журналісту з Бабруйска Анатолю Санаценку.

Нагадаем, што з’езд Беларускай асацыяцыі журналістаў пройдзе ў Мінску 20 красавіка. На з’ездзе дэлегаты зацвердзяць стратэгію развіцця аб’яднання, абяруць кіраўніцтва, Камісію па этыцы і іншыя кіруючыя органы ГА "БАЖ".

Падчас з’езду будуць абмеркаваныя актуальныя пытанні развіцця беларускага медыясектару, прыняты шэраг дакументаў.

Каментары