751

Да пастарунку, дзе трымалі аператара «Белсату», прыязджала дзяржаўнае ТБ

23.07.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Мінску, а таксама па дарозе ў Барысаў, дзе сёння мусіла адбыцца сустрэча з кандыдаткай у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай, затрымалі траіх журналістаў.

У Мінску затрыманы журналіст Арцём Лява. Ён запісваў у цэнтры відэаінтэрв'ю. Супрацоўнікі міліцыі забралі Арцёма Ляву ў Маскоўскі РАУС. Праз некаторы час Арцёма адпусцілі з фармуліроўкай "у сувязі з малазначнасцю эпізода адпускаем, але вы падумайце, што надалей могуць быць вялікія штрафы, ці трэба яно вам".

Па дарозе ў Барысаў затрыманыя журналісты "Белсата" Алена Дубовік і Віталь Дубік. Алена сказала, што супрацоўнікі ДАІ, відавочна, чакалі іх машыну на выездзе з Мінска.

Пазней Алена Дубовік паведаміла, што аператара Віталя Дубіка забралі ў РУУС Смалявічаў на падставе таго, што він-нумар машыны не сыходзіцца. Яе з РУУС папрасілі сысці.

Праз некаторы час міліцыянты пачалі аглядаць машыну Дубіка без ягонай прысутнасці.

У гэты момант на месца падзеі прыехала здымачная група дзяржаўнага тэлебачання. Імаверна, гаворка вядзецца пра адзін з каналаў Белтэлерадыёкампаніі. Каментаваць што-небудзь яны адмовіліся.

Прычыну затрымання міліцыя называць адмаўлялася.

Алена Дубовік заўважыла, што міліцыянты перадавалі нейкія дакументы для здымкі дзяржаўнаму ТБ.

Прыкладна а 21-й гадзіне Віталя адпусцілі з пастарунку. На яго склалі пратакол паводле арт. 18.2 КаАП (парушэнне правілаў бяпекі эксплуатацыі транспарту).

«Мне падаецца, што яны проста цягнулі час, каб мы не даехалі да Барысава і не правялі стрым», — цытуе аператара belsat.eu.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!