296

Ціск на ўдзельнікаў тэлеграм-каналаў “Краіны для жыцця” працягваецца

08.07.2020 Крыніца: Spring96.org

Дома ў актыўнага ўдзельніка браслаўскага канала “Краіна для жыцця” Канстанціна Далецкага прайшоў вобшук. У стваральніцы чата “Краіна для жыцця” Маскоўскага раёна г. Мінска Юліі Гаўрылавай супрацоўнікі міліцыі дома правялі агляд.

Раніцай 8 чэрвеня стала вядома, што стваральніцу чату “Краіны для жыцця” Маскоўскага раёна г. Мінска Юлію Гаўрылаву выклікаюць у міліцыю. Супрацоўнік РАУС Аляксандр Падгайны не паведаміў пра прычыны выкліку і статус жанчыны, сказаў, што з ёй проста паразмаўляюць.

Дапоўнена: пасля допыту Юлію Гаўрылаву вязуць дадому, дзе супрацоўнікі міліцыі збіраюцца правесці агляд. Падставай для агляду стала нібыта абраза міліцыянера з Брэсцкай вобласці. Пасля агляду Юлію Гаўрылаву не затрымалі. Супрацоўнікі міліцыі сфатаграфавалі прыкладанні ў тэлефоне жанчыны, яе старонкі УКантакце, дзе пазначаныя сябры і падпісчыкі, таксама перепісалі IMEI тэлефона, пасля чаго сышлі. 

Дома ў актыўнага ўдзельніка браслаўскага канала “Краіна для жыцця” Канстанціна Далецкага ў 11 гадзін дня праводзяць вобшук.
Канстанцін Далецкі

Канстанцін Далецкі з дзіцём

    Як паведамляецца ў тэлеграм-канале “Рэпрэсіі ў Беларусі”, у яго канфіскоўваюць камп’ютарную тэхніку. Супрацоўнікі міліцыі прывезлі з сабой двух мясцовых жыхароў, якія напэўна прысутнічаюць у якасці панятых.

    Дапоўнена: Канстанціна Далецкага абвінавачваюць па арт. 9.2 КаАП "Паклёп". 

    Як паведамляе Радыё Свабода, у мужчыны забралі камп'ютар, два тэлефоны — працоўны і стары. Калі Далецкі сеў выдаляць паролі, яго прыспешвалі і пагражалі, што гэтыя дзеянні будуць разглядацца як непадпарадкаванне міліцыі. Тэхнічныя характарыстыкі камп'ютара ў пратакол аб канфіскацыі міліцыянты заносіць не сталі.

    Канстанцін кажа, што ягоную тэхніку забіралі паводле акту канфіскацыі на месцы ўчынення правапарушэння — нібыта яна можа быць звязаная з паклёпам на ўчастковага інспэктара Мікалая Іванова.

    Паводле Канстанціна Далецкага, на допыт выклікалі яшчэ некалькіх актыўных удзельнікаў чату. Цяпер у іх адбываецца вобшук на працоўным месцы — канфіскуюць працоўную тэхніку і асабістыя тэлефоны.

    "Міліцыянты канфіскуюць тэхніку, каб людзі не маглі пісаць, — разважае ён. — Але яны не разумеюць, што ў чаце было менш за пяцьсот чалавек. А цяпер пра гэта будуць гаварыць усе. Яны толькі горш сабе робяць. Калі людзі не могуць адкрыта нідзе нічога выказваць, яны збіраюцца ў чатах і абмяркоўваюць свае думкі. Нічога супрацьзаконнага ў гэтым няма".

    Нагадаем, зараз за кратамі знаходзіцца блогер, аўтар youtube-канала "Краіна для жыцця" Сяргей Ціханоўскі, мадэратар сацсетак ініцыятывы Дзмітрый Папоў, аўтар youtube-канала "Слуцк для жыцця" Уладзімір Няронскі і шэраг іх паплечнікаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!