168 0

Чыноўнікі вінавацяць Жукоўскага ў абразах, раней — штрафавалі за незаконны выраб прадукцыі СМІ

05.01.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Журналіст-фрылансер з Гомеля Кастусь Жукоўскі атрымаў праз пошту копію адміністрацыйнага пратаколу, які склалі супрацоўнікі Акцябрскага РАУС Гомельскай вобласці. Яго вінаваціць ў абразе кіраўніцы спраў тамтэйшага райвыканкаму Валянціны Шлапаковай. Пратакол складзены паводле артыкулу 9.3 КаАП, але прачытаць сутнасць правапарушэння немагчыма з прычыны неахайнасці пісьма.

— 14 снежня я здымаў у райцэнтры Акцябрскі аўтамашыны, на якіх перамяшчаюцца мясцовыя чыноўнікі. Падчас здымкаў райвыканкаму да мяне падыходзіла жанчына, хапала за камеру, за вопратку, патрабавала акрэдытацыю. Я пацікавіўся, хто яна такая. Казаў, што дакументы ў мяне можа патрабаваць міліцыя. І нагадаў ёй, што яна не пані, а слуга народу, — распавёў Жукоўскі Службе маніторынгу ГА “БАЖ”.

4 студзеня Жукоўскі накіраваў ліст пракурору Акцябрскага раёну з просьбай адрэагаваць на недапушчальныя парушэнні супрацоўнікаў райаддзелу міліцыі. Яны не толькі склалі пратакол неахайна, але і не спрабавалі нават апытаць фрылансера, патлумачыць, на падставе чаго пратакол складаецца.

Дарэчы, 5 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомеля мае адбыцца слуханне паводле пазову начальніка Лоеўскага раённага аддзелу міліцыі Уладзіміра Бухаўцова да журналіста-фрылансера Жукоўскага.

Начальнік міліцыі Бухаўцоў просіць суд прызнаць звесткі ў відэаматэрыялах Жукоўскага, знятых для спадарожнікавага тэлеканалу “Белсат”, а таксама размешчаных падчас парламенцкіх выбараў у сацыяльнай сетцы, зняважлівымі для яго гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. У якасці кампенсацыі маральнай шкоды падпалкоўнік Бухаўцоў патрабуе спагнаць з фрылансера 2 000 рублёў.

Раней Жукоўскага штрафавалі найперш за незаконны выраб прадукцыі СМІ для тэлеканалу “Белсат” без акрэдытацыі ў беларускім Міністэрстве замежных спраў, цяпер, выглядае, тактыка змянілася — судзяць за абразу чыноўнікаў.

Каментары