2105

Чыноўнікі пакрыўдзіліся на блогера за тое, што змясціў іх фота на майцы

29.06.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Райаддзел міліцыі Акцябрскага распачаў супраць мясцовага блогера, сябра ГА “БАЖ” Андрэя Павука адмістрацыйны працэс на падставе заяваў намесніка старшыні райвыканкама Уладзіміра Елісеева і кіраўніцы спраў райвыканкама Валянціны Шлапаковай. Чыноўнікі сцвярджаюць, што блогер абразіў іх гонар і зганьбіў пачуцці сям’і.

У заяве Уладзімір Елісееў напісаў, што 9 чэрвеня, калі ў Акцябрскім на плошчы ладзіўся вечар выпускнікоў, Павук (мова і стыль заявы захаваныя) “демонстративно ходил, одетый в майку с нанесением фотографий, цветная фотопечать с  изображением меня и Валентины Шлапаковой, на которой снизу была надпись «Они любят тебя».

"28 чэрвеня я быў у ад’ездзе, — паведаміў службе маніторынгу ГА "БАЖ" Андрэй Павук. — Са мной звязаўся праз тэлефон участковы інспектар Віктар Карпянок і патрабаваў тлумачэнняў. Я канешне здзівіўся, што чыноўнікі абразіліся на свае фотаздымкі на майцы, а тым больш на надпіс".

Фотаздымкі чыноўнікаў райвыканкама, патлумачыў  блогер, ён узяў з афіцыйнай мясцовай газеты "Чырвоны Кастрычнік". Чыноўнікі — публічныя асобы. Надпіс "Яны любяць цябе", як даводзіць блогер, паказвае кожнаму жыхару, што згаданыя асобы паважаюць і любяць мясцовых жыхароў.

"Намагаўся выказаць пашану за іх важную ролю ў прыняцці лёсавызначальных рашэнняў дзеля паляпшэння жыцця жыхароў раёна. І вось на табе — пакрыўдзіліся", — дадае Павук.

Блогеру пакуль невядома, ці склаў участковы інспектар супраць яго адміністрацыйны пратакол. Справа можа абмежавацца толькі апытаннем. 

Зрэшты, чыноўнікі з Акцябрскага ўжо падавалі заявы за нібыта абразу іх гонару і годнасці грамадскімі актывістамі і журналістамі. Напрыклад, у студзені 2017 года Валянціна Шлапакова хацела прыцягнуць да адказнасці гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага за ўжытае ў дачыненні яе слова “раба”, аднак суд Цэнтральнага раёна Гомеля адхіліў скаргу чыноўніцы.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!