530

Чыноўнік “Белінтэртранса” прасіў завесці на журналіста крымінальную справу. Але нешта пайшло не так

14.01.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Намеснік дырэктара транспартна-лагістычнага цэнтра Беларускай чыгункі “Белінтэртранс” Аляксандр Янчэўскі прасіў завесці супраць журналіста Станіслава Івашкевіча крымінальную справу за паклёп.

Журналісцкае расследаванне Станіслава Івашкевіча “Карупцыя на чыгунцы: як і хто распільвае бюджэт?” з’явілася на сайце тэлеканала “Белсат” 10 кастрычніка. У матэрыяле журналіст, які займаецца расследаваннямі, прааналізаваў тэндары прадпрыемства і заявіў, што Беларуская чыгунка запрашае да выканання замоваў канкрэтныя фірмы, якія нагадваюць аднадзёнкі.

Расследаванне Івашкевіча зацікавіла нават супрацоўнікаў Аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі.

Але 2 снежня першы намеснік генеральнага дырэктара “Белінтэртранса” Аляксандр Янчэўскі звярнуўся ў міліцыю з просьбай прыцягнуць журналіста да крымінальнай адказнасці за паклёп.

Супрацоўнікі Партызанскага РУУС Мінска правялі праверку, па выніках якой паклёпу ў расследаванні Івашкевіча не знайшлі. Днямі журналіст атрымаў па пошце пастанову аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы.

Станіслаў Івашкевіч расказаў прэс-службе Беларускай асацыяцыі журналістаў, што быў упэўнены ў такім рашэнні, бо працяглы час займаецца расследаваннем махінайцый у дзяржаўным сектары і двойчы нават перамагаў з імі ў прэстыжным журналісцкім конкурсе “Вольнае слова” — у 2018-м і 2019-м гадах.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!