174 0

Чым прафесія журналіста можа дапамагчы пісьменніку

21.04.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Аўтар кнігі беларускага фэнтэзі "Сем камянёў", пісьменнік і журналіст Аляксей Шэйн сустрэўся з гродзенцамі ў Цэнтры гарадскога жыцця.

— У свой час я працаваў у штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. Гэта былі яшчэ 1990-я гады, адносна вольныя часы. Супрацоўнічаў з газетай “Свабода” Ігара Герменчука, працаваў у агенцтве БелаПАН. Калі журналіст становіцца пісьменнікам, у яго ёсць тое, што яму дапамагае, і тое, што перашкаджае, — распавёў Аляксей Шэйн пра свой досвед пераходу да пісьменніцкай працы.

У працы пісьменніка перашкаджаюць здабытыя за гады журналісцкага стажу моўныя штампы, публіцыстычнасць, заўсёды трэба сачыць за мовай. А дапамагае ўменне журналіста сябе пасадзіць за стол і пісаць, незалежна ад натхнення. Бо без гэтага пісьменнікам можна і не стаць. Можа быць, можна на нейкіх проблесках натхнення выдаць кнігу, але калі мы кажам пра прозу ў жанры рамана альбо аповесці, то патрэбны журналісцкі падыход — як да прафесіі, да працы.

Аляксей Шэйн распавёў, што і цяпер час ад часу нешта робіць у журналістыцы як фрылансер. А таксама піша кнігу па гісторыі Беларусі, якая дапаможа распавесці школьнікам пра нашу краіну ў цікавай форме.

Аляксей адзначае, што ў беларускага фэнтэзі ёсць свае адметнасці, бо жанр пакуль абсалютна не сфармаваны:

— Гэтых кніжак вобмаль, а кніжак па-беларуску — тым больш. Любы чалавек, які напіша кнігу фэнтэзі па-беларуску, будзе ў нейкім сэнсе тым, хто фармуе жанр. Гэты жанр дазваляе ствараць алюзіі на беларускае жыццё, на гістарычную Беларусь

Па словах аўтара, асноўнай ідэя кнігі "Сем Камянёў" ёсць каханне, вера і свабода. "Гэта тры рэчы, якіх нам усім не хапае", — гаворыць Шэйн.

Фота Аляксандра Саенкі

Каментары