НЕ - ВАЙНЕ!
579

Часопіс «Наша гісторыя» аднаўляе выхад у электронным варыянце

06.09.2022 Крыніца: Новы час

«Мы аднаўляем выхад выдання, які на пачатку гэтага года спынілі абставіны. Выдаваць папяровае выданне ў Беларусі пакуль немагчыма, а за мяжою гэта не акупілася б, таму часопіс будзе выходзіць на электроннай платформе», — гаворыцца ў заяве рэдакцыі.

Пры гэтым, як адзначаюць выдаўцы, фармат артыкулаў «Нашай гісторыі» будзе пашыраны.

 «Да 2021 года мы публікавалі артыкулы толькі пра гісторыю да 1991 года, цяпер мы гатовыя пісаць і пра 1990-2010-я гады. Мы прымаем артыкулы як прафесійных гісторыкаў, журналістаў, літаратараў, так і простых людзей. Прымаюцца да разгляду матэрыялы і на сур'ёзныя тэмы, і не на вельмі сур'ёзныя. Тут і гісторыя айчынная і сусветная, і навука, і нацыянальная геаграфія, і сямейныя ды асабістыя гісторыі, і турыстычныя кірункі, і травелогі», — гаворыцца ў паведамленні.

Рэдакцыя абяцае захоўваць ананімнасць аўтараў «па іх жаданні», і гатовая публікаваць артыкулы і пад псеўданімамі, і без подпісаў.

За час існавання выдання выйшла 40 выпускаў часопіса «Наша гісторыя» агульным накладам больш за 200 тысяч асобнікаў.

Першы нумар часопіса выйшаў 17 жніўня 2018 года. Яго выдаўцом выступіла рэдакцыя інтэрнэт-партала «Наша Н*ва». Першы наклад быў раскуплены за некалькі дзён, таму быў выдадзены дадатковы наклад.

У сакавіку 2021 года «Белсаюздрук» у аднабаковым парадку спыніў распаўсюд часопіса. «Белкніга», даччыная сетка крамаў Міністэрства інфармацыі, таксама адмовілася яго прадаваць, у красавіку гэтак жа зрабіла «Акадэмкніга», якая належыць Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, таксама стала вядома, што «Белпошта» скасуе дамову з выдаўцом з ліпеня 2021 года.

8 ліпеня 2021 года разам з іншымі журналістамі «Нашай Н*вы» быў арыштаваны галоўны рэдактар часопіса Андрэй Дынько — нібыта за арганізацыю пратэстаў. 12 ліпеня 2021 года ён быў прызнаны палітычным зняволеным. 

Чытайце яшчэ: 

Актывіста і публіцыста з Барысава Ігара Ледніка пакаралі 3 гадамі зняволення нібыта за “паклёп” на Лукашэнку  

Ірыне Леўшынай падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай да 28 верасня 

«Не трэба падпісвацца на «экстрэмістаў», каб быць у курсе»: з'явіўся агрэгатар рэгіянальных навін

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!