215

Чарнобыльскія маршруты, бяспека, экалогія — Гомельская філія БАЖ акрэсліла план працы

14.02.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Сябры Гомельскай філіі  ГА “БАЖ” на сходзе, які адбыўся 13 лютага, вызначылі асноўныя напрамкі дзейнасці на гэты год. Прапаноў было настолькі многа, што старшыня філіі Мікола Бянько прапанаваў засяродзіцца на першай палове года, а астатнія ідэі пакласці, так бы мовіць, у “перспектыўную тэчку”.

Ужо на будучых выходных, 22 лютага, сябры БАЖ акажуць інфармацыйную падтрымку маштабнаму сямейнаму фэсту "Мова Нанова", прысвечанаму Міжнароднаму дню роднай мовы. Ініцыятыва сыходзіць ад выкладчыкаў і навучэнцаў гомельскіх курсаў беларускай мовы. На заклік адгукнуліся рэканструктары-рыцары Юрый Усціновіч і Міраслаў Лазоўскі — яны будуць у даспехах ваяроў ВКЛ і нават з катапультай. Запрошаны таксама тэатральны праект "Чытанка для альтанкі" з дзіцячым спектаклем. Паралельна будзе весціся збор сродкаў на лекаванне анкахворых дзетак. Чакаюцца і сюрпрызы.

Да 102-й гадавіны стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі філія зладзіць ток-шоу з удзелам выбітных адмыслоўцаў — увагу засяродзяць на малавядомых старонках гісторыі станаўлення беларускай дзяржаўнасці, узаемадачыненнях чальцоў БНР і нават жаданні Гомеля ў тыя часы стаць вольным горадам.

У красавіку журналісты філіі стануць удзельнікамі прэс-тура ў чарнобыльскую зону, каб зведаць сцежкі экстрымальнага турызму і разабрацца, ці азначае водны маршрут Е-40 (які злучыць парты Чорнага і Балтыйскага мароў) “смерць для Прыпяцкага Палесся”, пра што заяўляюць эколагі.

Яны перасцерагаюць, што адкрыццё маршрута  запатрабуе паглыбленя фарватара,  ліквідацыі рачных перакатаў. Гэта, паводле эколагаў,  можа патрывожыць ілістыя адкладанні ракі Прыпяць і Кіеўскага вадасховішча, дзе ляжыць багата радыёнуклідаў. Сітуацыя будзе ўсебакова высвятляцца падчас прэс-тура. Паездка плануецца  міжрэгіянальнай, у ёй змогуць прыняць удзел сябры ГА “БАЖ” з іншых рэгіёнаў.

Сёлета не пазней за 30 жніўня маюць адбыцца прэзідэнцкія выбары. У звязку з электаральнай кампаніяй ладзіцца багата масавых вулічных мерапрыемстваў, што змушае думаць пра бяспеку журналісцкай працы і пра свабодны доступ да інфармацыі для асвятлення выбараў на ўсіх этапах. Мінулая парламенцкая кампанія выявіла недасведчанасць шэрагу старшыняў выбарчых камісій, якія імкнуліся беспадстаўна абмежаваць права журналістаў на асвятленне выбараў. Камусьці з арганізатараў выбараў здавалася, што ў беларускамоўнай журналісткі “польскі акцэнт”, і яна павінна пакінуць выбарчы ўчастак.  Іншыя патрабавалі  ў журналіста нацыянальнага выдання  акрэдытацыі  ў акруговай  выбарчай камісіі. Усе гэтыя ды іншыя казусы, з якімі  сутыкаюцца журналісты падчас асвятлення выбараў,  будуць разгледжаныя на  адмысловым семінары з удзелам прафесійных юрыстаў.

Улетку гомельскія БАЖаўцы маюць наведаць мясцовы “Эверэст” — шматмільённую гару адкідаў фосфагіпсу Гомельскага хімічнага завода. Прадпрыемства і ўлады ўжо не раз наважваліся  перапрацоўваць гэтыя адкіты, звяртаючыся да міжнароднай практыкі і тэхналогій. Аднак “горныя пікі” з кожным годам павялічваюцца, размываюцца дажджамі, забруджваючы наваколле і  нават грунтовыя воды.  За пару кіламетраў ад хімічнага “Эверэста”  паўсталі горы побытавах адкідаў, вышыня якіх дасягнула ўжо 56 метраў.   Запланаваны экалагічны прэс-тур  мае на мэце  супольны пошук шляхоў  утылізацыі адкідаў, каб  праз інфармацыйныя паведамленні прыцягнуць  да гэтай тэмы ўвагу патэнцыйных інвестараў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!