2841

Чарговы выпадак вынятку літаратуры на мяжы

24.11.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

 

5 кніг і брашур забралі супрацоўнікі мытні ў жыхара Ліды Аляксандра Ганевіча, які вяртаўся з Вільні праз пункт пропуску Беняконі-1. Інцыдэнт адбыўся 19 лістапада, паведаміў сайт spring96.org.

Увагу мытнікаў прыцягнулі выданні праваабарончай тэматыкі:

“Дэ-факта. Імплементацыя міжнародных стандартаў правоў чалавека: вопыт выпускнікоў праграмы ILIA ў Беларусі”; “Асьвечаныя Беларушчынай” Алеся Бяляцкага; “Маё змаганне” Валерыя Грыцука; “Смяротнае пакаранне ў Беларусі” Андрэя Палуды, Паліны Сцепаненка і Адар’і Гуштын; брашура “Паўсюдныя парушэнні працоўных правоў і прымусовая праца ў Беларусі”.

Былі складзеныя Акт мытнага дагляду (падпісаў галоўны інспектар мытні І. Біруля), а таксама Акт адбору проб і ўзораў. Прызначана мытная экспертыза.

Spring96.org звяртае ўвагу, што мытня здзейсніла ацэнку кніг і прызначыла высокі кошт асобнікаў (па 300 тысяч кожная кніга, акрамя брашуры). “Хаця літаратура, якая выдаецца Праваабарончым цэнтрам “Вясна”, прызначаная для вольнага распаўсюду ў асветніцкіх мэтах і ніколі не паступае ў продаж”, – адзначае праваабарончы сайт.

Spring96.org нагадвае, што кніга Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя Беларушчынай” і раней ужо трапляла пад пільную ўвагу беларускіх мытнікаў.

«Калекцыя» забранай на мяжы літаратуры папаўняецца

Выпадкі вынятку друкаванай літаратуры на мяжы. 2012-2015 г.г. (Табліца, абнаўляецца)

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!