539

Былому журналісту з Драгічына забаранілі выезд з Беларусі

16.03.2023 Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Беларускія памежнікі паведамілі былому журналісту інтэрнэт-выдання «Першы рэгіён» Сяргею Гардзіевічу, што яму забаронены выезд за мяжу і паставілі ў пашпарт адпаведны штамп.

Сяргей Гардзіевіч раней працаваў у інтэрнэт-выданні «Першы рэгіён», а летам 2021 года быў асуджаны на паўтара года пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым паводле трох крымінальных артыкулаў: у абразе прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў (арт. 369 КК), паклёпе (арт. 188 КК) і публічнай абразе «прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (ч. 1 арт. 368 КК).

Сам Сяргей Гардзіевіч у судзе віну не прызнаў і адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі №17 у Шклове. Летась у кастрычніку былы журналіст выйшаў на волю, а ў лістападзе 2022 года ён трапіў у «спіс экстрэмістаў» Міністэрства унутраных спраў. 

Сёлета Сяргей Гардзіевіч атрымаў візу і ў сакавіку вырашыў з'ездзіць у Літву, аднак паездка атрымалася няўдалай.

«Я адчуў нешта нядобрае, калі памежніца вельмі доўга разглядала мой пашпарт. У выніку яна патэлефанавала, і прыйшоў яе начальнік», — распавёў Сяргей Гардзіевіч для выдання «Ганцавіцкі час».

Памежнікі паведамілі Гардзіевічу, што яму забаронены выезд за мяжу і паставілі ў пашпарт адпаведны штамп. Падчас гэтага разбіральніцтва аўтамабіль папрасілі адагнаць на спецыяльную стаянку, дзе замкнулі адмысловымі агароджамі. Пазней аўто разблакавалі, і Сяргей мусіў пакінуць пункт памежнага пропуску ў зваротным напрамку.

«Я спрабаваў дабіцца, каб вярнулі грошы, што былі выплачаныя як зборы за перасячэнне мяжы, але памежнікі развялі рукамі: маўляў, грошы ў вас не бралі, едзьце ў банк», — кажа Сяргей Гардзіевіч.

Былы журналіст распавёў, што не мае ніякіх нявыплачаных штрафаў. Пасля адбыцця пакарання ў калоніі новых запазычанасцяў таксама не было. Таму зараз Сяргей Гардзіевіч накіраваў скаргі ў пракуратуру і Следчы камітэт, каб даведацца прычыны забароны яму на выезд за мяжу.

Чытайце яшчэ:

Рэдактара «Інфа-Кур'ера» і яго намесніка змясцілі ў ізалятар, "Белсаюздруку" адмаўляецца браць газеты

Латвия заблокировала много российских СМИ, но местные порталы продолжают продвигать кремлёвские нарративы

Страница «ВКонтакте» журналиста Игоря Палынского признана экстремисткой

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!