4140

Бясслаўная гісторыя беларускага “экстрэмізму”

16.04.2013 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

18 красавіка Ашмянскі раённы суд прыняў рашэнне па справе альбома "Прэс-фота Беларуси-2011". Ён прызнаў фотаальбом Belarus Press Photo 2011 экстрэмісцкім.

Папярэдняе «абвастрэнне пільнасці» беларускіх спецслужб здарылася 5 гадоў таму. Летам і восенню 2008 года суды разглядалі некалькі спраў па заявах КДБ.

У сілу ўспупіла толькі адно з гэтых рашэнняў – датычнае кампакт-дыскаў з запісам канцэрта “Салідарныя з Беларуссю”, дакументальнага фільма “Lekcja Bialoruskiego” і фотаздымкаў з Плошчы-2006.

 

1. Незарэгістраваная газета “Свабода”

9 верасня 2008 г. суд Іўеўскага раёна (Гродзенская вобласць) прызнаў жнівеньскі нумар незарэгістраванага выдан­ня «Свабода» (№ 127 за 14–27.08.2008) экстрэміcцкім і пастанавіў знішчыць 5 тысяч асобнікаў гэтага выпуску. Грамадзянская справа была ўзбуджана на падставе заявы, якую падпісаў 4 верасня начальнік Упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці Ігар Сяргеенка. УКДБ падалася падазронай публікацыя «Вайна ў Грузіі», змешчаная ў нумары выдання.

На думку Гродзенскіх супрацоўнікаў дзяржбяспекі, у публікацыі «прысутнічалі прыкметы кампраметацыі дзейнасці праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь», якія не далі правесці зарэгістраванаму ў Чэхіі «Маладому фронту» несанкцыянаваны пікет для расійскай амбасады. «Малады фронт» у заяве названы арганізацыяй «радыкальна-экстрэмісцкага накірунку», а сэнс акцыі акрэслены як «салідарнасць з супрацьзаконнымі дзеяннямі грузінскіх уладаў у дачыненні да паўднёва-асецінскага народа».

5 лістапада судовая калегія Гродзенскага абласнога суда па грамадзянскіх справах адмяніла рашэнне суда Іўеўскага раёна. Свой вердыкт абласныя суддзі абгрунтавалі тым, што іх раённыя калегі ў парушэнне прадугледжанай законам працэдуры разгледзелі справу ў адсутнасць усіх зацікаўленых бакоў.

12 снежня падчас паўторных слуханняў суд Іўеўскага раёна пакінуў без разгляду заяву Гродзенскага УКДБ аб прызнанні экстрэмісцкімі шэрагу матэрыялаў «Свабоды». Суд вырашыў, што службовая асоба, чый подпіс стаяў пад заявай, не была ўпаўнаважаная яе падпісваць.

2. Дыскі з канцэртам «Салідарныя з Беларуссю», фільмам «Lekcja Bialoruskiego» і фотаздымкамі з Плошчы-2006

­16 верасня 2008 года ўступіла ў законную сілу рашэнне суда Кастрычніцкага раёна Гродна, які прызнаў экстрэмісцкімі шэраг інфармацыйных матэрыялаў:

- Т­ры дыскі з запісам варшаўскага канцэрта 2006 г. «Салідарныя з Беларуссю»;

- 6 дыскаў з запісам польскага дакументальнага фільма «Lekcja Bialor­uskiego» («Урок беларускай мовы»);

- 7 дыскаў з загадкавай назвай «MEGAUS MEG 16753» (фотаздымкамі з Кастрычніцкай плошчы ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 2006 года).

Пра гэта стала вядома 2 кастрычніка, калі адпаведнае паведамленне надрукавала газета «­Звязда».

Калі быў суд па гэтай справе – невядома. Журналіст Аляксандр Буракоў, у якога забіралі на мяжы згаданыя матэрыялы, даведаўся пра сваю спрычыненасць да «экстрэмісцкіх матэрыялаў» толькі пасля публікацыі свайго імя ў дзяржаўнай газеце.

“Я быў шакаваны – тут, аказваецца, такая дзвіжуха вакол мяне, а я нават пра гэта не ведаю, – узгадаў у размове з прэс-службай ГА “БАЖ” Аляксандр. –  Выглядае на тое, што ўсё адбываецца вельмі непразрыста. Ад мяне ці ад кагосьці іншага ў судзе можа нічога і не патрабавацца, нават прысутнасці...”  

Дыскі ў журналіста забралі ў чэрвені 2008 г.: калі ён вяртаўся з Варшавы ў Беларусь, польскія калегі папрасілі яго перадаць сябрам шэраг дыскаў — у тым ліку з дакументальным фільмам «Lekcja Bialoruskiego», запісам канцэрту «Салідарныя з Беларуссю» і з фотаздымкамі з Кастрычніцкай плошчы ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Усе дыскі забралі «на экспертызу» беларускія мытнікі. Быў складзены пратакол вынятку. У жніўні з гродзенскай мытні Аляксандр Буракоў атрымаў паперу, што частку дыскаў з музыкай, якія не з’яўляліся экстрэмісцкімі, ён можа забраць у Гродне (працэдура выглядала складанай, і ён гэтага вырашыў не рабіць).

Гэта адзінае рашэнне аб прызнанні матэрыялаў экстрэмісцкімі, якое набыло законную сілу і не было перагледжана.  

3. Кнігі «Лісты з лесу», кніга «Выпадковы прэзідэнт», газета «Glos znad Niemna na uchodzstwie», «Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2004 годзе», аўдыёзапіс праграм польскага радыё, «Асновы стратэгіі АДС», «Праект рэзалюцыі Кангрэсу дэмакратычных сіл», бюлетэнь «Свабодная думка».

18 верасня 2008 года ў Кастрычніцкім раённым судзе Гродна адбылася папярэдняя сустрэчаў бакоў па грамадзянскай справе «Аб прызнанні інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкімі». Справу завялі з ініцыятывы Гродзенскага абласнога ўпраўлення КДБ (таго ж самага начальніка Упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці Ігара Сяргеенкі, які ініцыяваў справу аб “экстрэмізме” ў газеце “Свабода”). Усе гэтыя матэрыялы былі забраныя ў 2005 – 2007 гадах гродзенскімі мытнікамі ў розных людзей, якія перасякалі беларускую дзяржаўную мяжу:

- Асобнік газеты беларускіх палякаў «Glos znad Niemna na uchodzstwie»;

- выданне «Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2004 годзе»;

- «Канспіратар беларускі» + «Малы канспіратар»;

- аўдыёзапіс праграм польскага радыё;

- кампакт-дыскі з запісам канцэрта «Салідарныя з Беларуссю»;

- выданні «Асновы стратэгіі АДС» і «Праект рэзалюцыі Кангрэсу дэмакратычных сіл»;

- бюлетэнь «Свабодная думка»;

- кнігі «Лісты з лесу» (аўтар – Павел Севярынец) і «Выпадковы прэзідэнт» (аўтары – журналісты Святлана Калінкіна і Павел Шарамет).

На думку Гродзенскага УКДБ, вышэйпералічаныя матэрыялы ўтрымлівалі «інфармацыю з прыкметамі экстрэмісцкай накіраванасці, што можа нанесці шкоду палітычным і эканамічным інтарэсам дзяржавы».

9 лістапада суд Кастрычніцкага раёна г. Гродна пакінуў без разгляду заяву УКДБ аб прызнанні экстрэмісцкім матэрыялам газеты «Glos znad Niemna na uchodzstwie». Такія ж вызначэнні суд вынес і па іншых інфармацыйных матэрыялах, што былі ў вышэйзгаданым спісе.

4. “ARCHE-Пачатак”

24 кастрычніка 2008 года на беларуска-польскай мяжы ў Брэсце ў Алеся Пашкевіча, які ехаў цягніком у Польшчу, падчас мытнага дагляду багажу адабралі 10 асобнікаў № 7–8 «ARCHE». Супрацоўніца мытні Рэната Нядбаева палічыла, што звесткі, якія ўтрымліваюцца ў часопісе, «могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».

30 снежня 2008 года ў суд Маскоўскага раёна г. Брэста http://baj.by/node/2324 была накіравана заява за подпісам начальніка УКДБ па Брэсцкай вобласці палкоўніка Леаніда Дзядкова – “Аб устанаўленні фактаў, якія маюць юрыдычнае значэнне” (у парадку арт. 361 ГПК РБ). Як і ў выпадку з “Архэ”, заява пададзена таксама “ў інтарэсах дзяржавы” і таксама з прыцягненнем “зацікаўленых асобаў”. УКДБ Брэсцкай вобласці прасіла суд прызнаць, што адабраныя ў А. Пашкевіча асобнікі «ARCHE» з’яўляюцца «экстрэмісцкімі і падлягаюць знішчэнню».

 «Праведзеным аналізам устаноўлена, што ў часопісах утрымліваюцца звесткі, якія дыскрэдытуюць дзейнасць органаў улады і праўлення Рэспублікі Беларусь, узмацняюць сацыяльна-палітычную напружанасць і супрацьстаянне ў грамадстве, стымулююць здзяйсненне дзеянняў, накіраваных на арганізацыю і ажыццяўленне масавых беспарадкаў, і тым самым ствараюць пагрозу бяспецы Рэспублікі Беларусь», – гаварылася ў заяве.

Хто праводзіў “аналіз”, у дакументе не згадвалася. Затое пералічваліся матэрыялы з падазрэннем на экстрэмісцкі змест:  

- артыкул В. Сіліцкага «Парлямэнцкія выбары: беларуская нуда, эўрапейская інтрыга?»,
- матэрыял «Выбух і шмон: беларускі міні- Асьвенцім», падрыхтаваным па выніках «круглага стала» ў рэдакцыі часопіса,
- артыкул «Менскія манэўры. Лукашэнка выкарыстоўвае вырабы, каб здабыць рычагі ў перамовах з ЭЗ»­ (аўтары Б. Ярабік і А. Рабальяці),
- публікацыя «Памяць ахвяраў і памяць катаў» (рэцэнзія А. Расінскага на фільм Анджэя Вайды «Катынь»).

25 лютага 2009 г. суддзя Маскоўскага раёна Брэста Таццяна Міранюк прызнала 10 асобнікаў № 7–8 часопіса «ARCHE» «экстрэмісцкімі матэрыяламі, якія падлягаюць знішчэнню». 7 мая касацыйная інстанцыя — судовая калегія па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда — вярнула справу на перагляд. КДБ спачатку патрабаваў паўторнага працэсу, але пасля экспертнай ацэнкі матэрыялаў адмовіўся ад сваіх прэтэнзій.

Закон РБ «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» дзейнічае з пачатку 2007 года. Паводле арт. 1 закона, пад паняцце экстрэмізму падпадае не толькі дзейнасць, накіраваная на гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу альбо захоп улады неканстытуцыйным шляхам, але і распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, сацыяльнай варожасці, прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці, арганізацыя і ажыццяўленне масавых беспарадкаў і г.д. Экстрэмісцкія матэрыялы — гэта інфармацыйная прадукцыя, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці, прапагандуе яе, прызначаная для распаўсюду і прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі па рашэнні суда.

Паводле арт. 14 Закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму», копія судовага рашэння аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкай накір­оўваецца ў Міністэрства інфармацыі для «ўключэння такой інфармацыйнай прадукцыі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які падлягае апублікаванню ў СМІ». Паводле гэтага ж артыкулу, ­змест інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у такі спіс, не разгалошваецца.

Затое імёны людзей, у якіх вымалі гэтую прадукцыю, трымаць у сакрэце законатворцы не лічаць патрэбным — як паказвае практыка (выпадак з дыскамі), іх могуць адкрыта апублікаваць у рэспубліканскіх газетах, нават калі ніякіх абвінавачванняў на іх адрас не вылучалася.

«З такой шырокай трактоўкай паняцця „экстрэмісцкія матэрыялы“, якую дэманструюць нашы сілавыя органы, можна знішчаць большасць прыватных бібліятэк, фота- і відэатэк, бо экстрэмісцкая прадукцыя падлягае знішчэн­ню», — так каментаваў падзеі  5-гадовай даўніны намеснік старшыні ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец.

З таго часу, як паказвае практыка, змянілася няшмат. 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!