1234

Бясплатны адукацыйны курс «Дадзеныя як нагода для артыкула» (рэгістрацыя да 6 сакавіка)

28.02.2020

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» і Установа «Цэнтр падрыхтоўкі медыяспецыялістаў Медыятрэнер» запрашаюць на бясплатны курс ад Дзмітрыя Івановіча — аўтара шматлікіх расследаванняў па знешнім гандлі Беларусі, сотняў публікацый і візуалізацый па статыстыцы Беларусі, Расіі і Украіны, аднаго са стваральнікаў курса «Белстат патлумачыць».

Мэта курса: паказаць якія ёсць дадзеныя па Беларусі і свеце, як з імі працаваць, разабраць рэальныя кейсы і тыповыя памылкі.

Чаму навучым: Пракачаем вашы скілы ў пошуку дадзеных па Беларусі і не толькі. Навучым апрацоўваць дадзеныя і разбірацца, як яны звязаныя паміж сабой. Патлумачым, як праводзіць расследаванні, не выходзячы з дома. Падкажам крыніцы інфармацыі, аб існаванні якіх вы нават не здагадваліся. Пазнаёмім з самымі новымі інструментамі для збору, аналізу, інтэрпрэтацыі і візуалізацыі дадзеных. І навучым выкарыстоўваць гэтыя навыкі для стварэння яскравых і запамінальных матэрыялаў.

Нашы бонусы: У кожнага з удзельнікаў будзе магчымаць адшукаць дадзеныя для свайго артыкула з дапамогай прафесіянала. Слухачы, якія паспяхова выканаюць усе заданні курса, змогуць бясплатна атрымаць сертыфікат аб яго заканчэнні.

Прынцыпы навучання: Ад простага да складанага, разгляд рэальных кейсаў з неабходнай тэорыяй, практыкумы і самастойная работа над «дамашкай» паміж заняткамі.

Каго мы чакаем на курсе: Пачаткоўцаў і дасведчаных, у каго загараюцца вочы, як толькі яны пабачаць цікавыя дадзеныя. Тых, хто не баіцца складанасцяў і хоча быць у журналістыцы на крок наперад за астатніх.

Наш слухач, пачуўшы слова «метадалогія», не акругляе вочы, а імкнецца прачытаць і разабрацца, ведае, што excel — гэта праграма для работы з таблічнымі дадзенымі, а таксама як усталяваць праграму на ноутбук, а не толькі запускаць «касынку».

Што патрэбна для ўдзелу: Найперш жаданне разабрацца з таямнічым светам дадзеных, а таксама ноўтбукі на кожным  занятку, каб тэорыю адразу правяраць практыкай.

ДА ЎДЗЕЛУ ЗАПРАШАЮЦЦА: журналісты, студэнты факультэтаў журналістыкі, блогеры.

АПІСАННЕ КУРСА: Курс «Дадзеныя як нагода для артыкула» распачнецца 14 сакавіка 2020 года і скончыцца 25 красавіка 2020 года. Складаецца з трох сустрэч у Мінску па суботах з 11.00 да 18.00 (з перапынкам на абед). Заняткі пройдуць 14.03.2020, 28.03.2020, 11.04.2020. Майстар-клас замежнага трэнера ў Вільні, на які маюць магчымасць патрапіць лепшыя ўдзельнікі, адбудзецца 25—26.04.2020. Удзел у курсе бясплатны, але колькасць удзельнікаў абмежаваная.

ПАДАЦЬ ЗАЯЎКУ НА УДЗЕЛ У КУРСЕ можна да 6 сакавіка, 24:00.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!