152

Бярозаўка: пікет забаранілі пасля анонсу на Беларускім Радыё Рацыя

04.06.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Бярозўцы, што на Лідчыне (Гродзенская вобласць), гарадскія ўлады забаранілі актывісту Вітольду Ашурку правядзенне пікета за ўсталяванне ў гарадскім парку помніка Юліусу Столле — заснавальніку шклозавода "Неман".

Афіцыйнае тлумачэнне Бярозаўскага гарвыканкама: адмоўлена з-за публікацыі на сайце Радыё Рацыя інфармацыі пра тое, што была пададзеная заяўка.

— Гэта ўжо другая адмова гарвыканкама. На першую заяўку таксама прыйшоў адмоўны адказ. Гэтая фармуліроўка пра адмову — смешная. Гэта проста нейкі тэатр абсурду. Больш ніякіх пачуццяў у мяне гэта не выклікае, — гаворыць актывіст Вітольд Ашурак.

Ён плануе і надалей падаваць заяўкі на правядзенне розных акцый ў сваёй Бярозайцы. Паводле слоў Вітольда, ён будзе рабіць гэта да той пары, пакуль не прыйдзе станоўчы адказ.

Вітольд Ашурак ужо некалькі год змагаецца за тое, каб паблізу шклозавода “Нёман” з'явіўся помнік Юліусу Столе.