3036

Будынкі забаранілі здымаць пасля затрымання расійскага дыверсанта? (Абноўлена, тэкст)

10.03.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

Адсканаваная копія ўнутранага распараджэння МУС датычна фатаграфавання адміністрацыйных будынкаў з’явілася “на адным з форумаў”, – паведаміла “Еўрарадыё” 10 сакавіка.

“Калі верыць гэтаму дакументу, то прычынай павышанай увагі да ўсіх, хто фатаграфуе альбо здымае на відэа адміністрацыйныя будынкі, стала затрыманне грамадзяніна Расіі ў Лоеве. Калеснічэня А.А. нібыта быў затрыманы ў 10 гадзін 23 лютага падчас фатаграфавання мясцовага РУУС. Пасля, ужо ў пастарунку, у яго фотаапараце знайшлі фота іншых адмінбудынкаў”, – піша “Еўрарадыё”.

“23 лютага 2015 года ў 10.00 ля будынка Лоеўскага РАУС затрыманы грамадзянін Расійскай Федэрацыі Калеснічэня А.А., які пры дапамозе фотаапарата ажыццяўляў здымкі будынка РАУС і размешчанага побач будынка ваенкамата. Пры аглядзе забраных у яго рэчаў на вонкавым носьбіце інфармацыі фотаапарата былі знойдзеныя 15 фотаздымкаў з выявамі будынкаў дзяржаўных органаў, чыгуначнага вакзала Гомеля, а таксама фрагментаў унутарнай і вонкавай частак паветранага судна.

З мэтай выключэння аналагічных правакацыйных дзеянняў, а таксама ў выкананне ўказання Міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь па забеспячэнні грамадскай бяспекі неабходна:

— арыентаваць супрацоўнікаў АУС, якія нясуць службу ў складзе штатных нарадаў АДС (аператыўна-дзяжурных службаў – заўв. БАЖ), а таксама нарадаў, задзейнічаных у ахове грамадскай бяспекі ў адзінай дыслакацыі, на выяўленне, затрыманне і дастаўку ў АУС асобаў, які ажыццяўлялі фота- і відэаздымкі будынкаў дзяржаўных органаў, у тым ліку тых, якія ажыццяўляюць праваахоўную дзейнасць, а таксама крытычна важных аб’ектаў. Папярэдзіць пра неабходнасць павышэння пільнасці падчас нясення службы;

— пры ажыццяўленні разбіральніцтва з указанымі асобамі ў абавязковым парадку забяспечыць іх асабісты вобшук, апытанне, праверку па базах дадзеных МУС, а таксама пастаноўку на дакта-, фота- і відэаўлікі;

— арганізаваць праверку фота-, гука, відэазапісваючай апаратуры, якія знаходзяцца пры іх, іншых прыладаў, якія выкарыстоўваюцца для гэтых мэтаў, а таксама абсталявання для перадачы і прыёму дадзеных па правадных і бесправадных каналах сувязі;

— па кожным факце затрымання такіх асобаў неадкладна інфармаваць упраўленне аператыўна-дзяжурнай службы міліцыі грамадскай бяспекі МУС па тэлефоне з наступным прадстаўленнем на працягу трох гадзін тэлеграмы з тлумачэннем абставінаў выяўленага правапарушэння і зробленых захадаў.

Намеснік Міністра, генерал-маёр міліцыі Н. А. Мельчанка”.

– Можна зразумець намеры, з якімі выдадзеная гэтая “арыенціроўка”, але яна насамрэч утрымлівае шэраг палажэнняў, якія замахваюцца на правы грамадзян і не адпавядаюць заканадаўству, – кажа намеснік старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец.  

– Па-першае, затрыманне грамадзян (незалежна ад таго, фатаграфуюць яны ці не) павінна ажыццяўляцца на падставе Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Паводле КаАП, “затрыманне” – гэта кароткатэрміновае абмежаванне волі фізічнай асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, за здзяйсненне ёй адміністрацыйнага правапарушэння. Абсалютна незразумела, на якой падставе затрымліваюць грамадзян, што фатаграфуюць будынкі. Прычым пералік гэтых будынкаў, зноў-такі, не абмежаваны. Таму гэта – адвольнае прымяненне закона, роўнае свавольству. Патрабаванне забяспечыць апытанне, вобшук, праверку па базе дадзеных, пастаноўку на фота-відэаўлік, зноў-такі, не адпавядае КаАП, калі чалавек не з’яўляецца “затрыманым”, а апынуўся ў міліцыі толькі для “праверкі асобы”. Што тычыцца дактыласкапіі – яна дапускаецца толькі ў тым выпадку, калі здзейсненае правапарушэнне прадугледжвае пакаранне ў выглядзе арышту.

Паводле юрыста, цяпер ГА “БАЖ” будзе ўдакладняць, ці адпавядае рэчаіснасці размешчаны ў інтэрнэце дакумент, і калі так – патрабаваць яго прывядзення ў адпаведнасць з заканадаўствам.

– Паколькі гэтыя палажэнні наўпрост закранаюць правы грамадзян, яны павінныя быць выдадзеныя ў выглядзе нарматыўнага акту; нарматыўны акт павінен быць апублікаваны (бо толькі апублікаваныя нарматыўныя акты набываюць сілу); ён павінен прайсці экспертызу на адпаведнасць нарматыўным актам вышэйшага ўзроўню, – кажа Андрэй Бастунец.  

Нагадаем: 26 лютага супрацоўнік “Комсомольской правды” в Беларуси” Дзмітрый Ласько, які збіраўся сфатаграфаваць новую падсветку будынка прэзідыума Акадэміі навук, быў затрыманы спачатку ахоўнікам будынка, а затым міліцэйскім нарадам і ў выніку правёў каля чатырох гадзін у Першамайскім РУУС, дзе ў яго праверылі дакументы, прагледзелі ўсе здымкі і складалі пратакол апытання.

1 сакавіка каля пасольства Расіі, куды людзі неслі кветкі і свечкі на знак памяці пра забітага расійскага палітыка Барыса Нямцова, ахоўнікі будынка забаранялі журналістам рабіць фотаздымкі.

2 сакавіка ў Глыбокім (Віцебская вобласць) незалежнага журналіста, сябра ГА “БАЖ” Змітра Лупача не ўпусцілі ў райвыканкам з фотаапаратам Nikon у сумцы. Міліцыянт заявіў, што “з прафесійнымі фотаапаратамі” ўваход у райвыканкам забаронены, спаслаўшыся на распараджэнне кіраўніка справамі райвыканкама.

7 сакавіка міліцыя ў Іўі (Гродзенская вобласць) затрымала турыстаў з Мінска за фатаграфаванне адміністрацыйных будынкаў у цэнтры горада. У іх забралі пашпарты і папрасілі паказаць фатаграфіі і выдаліць тыя, на якія трапілі пракуратура, пажарная частка, выканкам, бібліятэка і ЗАГС. Пасля выдалення здымкаў міліцыянт вярнуў пашпарты і папрасіў прабачэння за нязручнасці.

Некаторыя міліцыянты спасылаліся на новае “ўнутранае” распараджэнне кіраўніцтва – у прыватнасці, намесніка міністра ўнутраных спраў, начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Мікалая Мельчанкі. Журналісты марна спрабавалі атрымаць копію гэтага дакумента. 4 сакавіка ГА “БАЖ” накіравала на імя сп-ра Мельчанкі афіцыйны ліст з просьбай выслаць копію дакумента, калі такі існуе.

Між тым, 6 сакавіка МУС дало афіцыйны каментар дзяржаўнаму агенцтву БелТА, заявіўшы, што прадастаўленне СМІ ўнутрыведамасных дакументаў абавязковым не з’яўляецца. “Падобнае патрабаванне накіравана выключна на забеспячэнне бяспекі ў краіне і заклікана павысіць пільнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у частцы прадухілення магчымых пагрозаў разнага характару: ад правакацый да тэрарыстычных актаў”, – заявіў неназваны прадстаўнік МУС.