641

Бронекамізелькі, каскі, бейсболкі для журналіста і маральны выбар: здымаць ці ратаваць? Семінар у Гомелі

11.12.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гомельская філія ГА “БАЖ” пры падтрымцы цэнтральнага офіса зладзіла  двухдзённы семінар па пытаннях бяспекі журналістаў. У семінары ўзялі ўдзел журналісты, блогеры, праваабаронцы з Гомеля, Мазыра, Магілёва, Хоцімска, Бабруйска.

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/hato1211_1_sembnar_u_homeli.jpg

Адзначалася, што ў рэйтынгу самых небяспечных мірных прафесій журналісты апынулася на другім месцы – пасля лётчыкаў-выпрабавальнікаў.

Каляжанка з Масквы, былая кіраўніца бюро рускай службы ВВС Вера Лявонцьева падзялілася міжнародным досведам падрыхтоўкі супрацоўнікаў СМІ да працы ва ўмовах, звязаных з рызыкай для жыцця і здароўя. Гэта найперш праца ў “гарачых кропках”, але не толькі. Журналістам даводзіцца бываць у раёнах стыхійных бедстваў, інфекцыйных бальніцах, на вайсковых вучэннях, шкодных вытворчасцях. Абавязак рэдакцый, пасылаючы журналіста ў небяспечную камандзіроўку, улічваць усе нюансы ў адмысловых дамовах.

Са свайго боку журналіст мусіць паклапаціцца пра адпаведную экіпіроўку, у тым ліку бронекамізэльку і каску, пра алгарытм паводзінаў, выбар месца для здымкаў, спосаб перадачы здабытай інфармацыі. У заходніх краінах прадаюцца бейсболкі, пад верхам якіх падшыты пракладкі з коркавага дрэва – яны добра засцерагаюць ад удараў па галаве.

Патрапіўшы ў складаную сітуацыю, журналісту даводзіцца рабіць маральны выбар: выконваць свае прафесійныя абавязкі ці дапамагаць пацярпелым, у ліку якіх могуць апынуцца і калегі.

З рызыкай звязаныя і журналісцкія расследаванні. Распачынаючы іх, журналіст  мусіць праінфармаваць рэдакцыю.

Эксперт Цэнтра інфармацыі аб правах чалавека з Кіева Юры Луканаў, які асвятляў падзеі на Майдане, распавёў удзельнікам семінара пра паводзіны журналіста на масавых мерапрыемствах. 

Для беларускай рэчаіснасці, пагаджаліся ўдзельнікі семінара, гэта надзвычай надзённа: акурат падчас мінтынгаў і дэманстрацый (альбо пасля іх) міліцыя  ўчыняе “хапуны”, ахвярамі якіх нярэдка становяцца і журналісты.

У такіх варунках важна ведаць свае правы, выяўляць журналісцкую салідарнасць з калегамі, патрапіўшымі ў складаную сітуацыю.

Сябра праўлення ГА “БАЖ”, юрыст Алег Агееў апавёў удзельнікам семінара пра паводзіны на допытах, сістэму абароны сведкі па схеме “ПЛОД”, а таксама пра крыніцы інфармацыі журналіста.