2343

«Брестский курьер»: з новым 25-годдзем!

12.12.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гэтымі днямі святкуе 25-годдзе недзяржаўнае выданне “Бреcтский курьер”.

Пілотны нумар газеты быў нарукаваны ў Вільні ў чэрвені 1990 года накладам 5 тысяч асобнікаў і бясплатна раздадзены жыхарам Брэста. А са снежня 1990 года пачаўся адлік “афіцыйнай” гісторыі выдання, якое пачало выходзіць рэгулярна на радзіме і хутка з чатырох старонак вырасла да 32, павялічыўшы наклад да 20 тысяч асобнікаў. (Сёння ён складае 5500 – 6000).

«Гэта быў шчаслівы стартавы час для новых выданняў, у тым ліку і для «Брестского курьера», – прыгадвае галоўны рэдактар Мікалай Аляксандраў у “юбілейным” артыкуле. – У сябе ў рэдакцыі, задумаўшы адрадзіць газету, якая да Першай сусветнай вайны называлася «Брэст-Літоўскі кур'ер», мы не вялі доўгіх дэбатаў пра нашу скіраванасць – проста захацелі адкрыць усе вокны і дзверы для патоку навін, гарачых тым, чытацкіх лістоў і меркаванняў, вызваліўшы сваё ўспрыманне жыцця ад боязі начальніцкай незадаволенасці, ад унутранага «вертухая», ад штампавых рэек, ад абмежаванасці правінцыйнага закутка”.

“Што такое «Брестский курьер» сёння? Гэта не толькі газета з яе сайтам, але і свайго роду прамоўтэр культуры і гісторыі Брэста, які рыхтуецца адзначаць сваё тысячагоддзе. Асабліва насычаным для быў гэты год, у якім было рэалізавана некалькі вельмі значных праектаў”.

Сярод такіх Мікалай Аляксандраў прыгадвае прэс-тур па еўрапейскіх гарадах з назвай Брэст; арганізаваны выданнем візіт польскага кірарэжысёра Ежы Хофмана; Першы міжнародны бард-форум імя Уладзіміра Высоцкага; выданне двух буйнамаштабных альбомаў плакатаў “Фамільнае дрэва Брэста”, а таксама некалькіх гістарычных кніг.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” далучаецца да ўсіх віншаванняў, якія гэтымі днямі атрымліваюць супрацоўнікі выдання. Жадаем, каб срэбны юбілей быў толькі этапам вашага доўгага і дастойнага шляху. З новым 25-годдзем вас!

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!