409

Брэсцкі журналіст Яўген Скрабец накіраваў у суд заяву, каб яго справу разглядалі завочна

02.11.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

На 2 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Брэста быў прызначаны разгляд чарговай адміністрацыйнай справы ў дачыненні да журналіста-фрылансера Яўгена Скрабца за супрацоўніцтва з “Радыё Рацыя”.

Яўген Скрабец

Як паведаміў Скрабец, яго вінавацяць у парушэнні часткі 2 артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях — за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі. Падставай стаў рэпартаж пра супраціў гараджан будаўніцтву акумулятарнага завода ў Брэсце, змешчаны на сайце “Рацыё Рацыя” пад назвай “Па 10 базавых штрафу за налепкі”.

“Я вырашыў не ўдзельнічаць у гэтым судовым працэсе, бо не спадзяюся на станоўчы вынік для сябе, і таму не хачу губляць час”, — кажа Яўген Скрабец і дадае, што лічыць падобныя працэсы ціскам за прафесійную дзейнасць з боку сілавых структураў.

Напярэдадні пасяджэння журналіст накіраваў у суд заяву з просьбай разгледзець справу без яго асабістага ўдзелу і пасля паведаміць пра судовае рашэнне.

З аналагічнымі заявамі ў суд Ленінскага раёна Брэста звярнуліся мясцовыя журналісты Мілана Харытонава і Алесь Ляўчук, якіх таксама вінавацяць за асвятленне на тэлеканале “Белсат” судовых працэсаў у дачыненні да праціўнікаў акумулятарнага завода.

Нагадаем, што на гэтым тыдні Яўген Скрабец, Мілана Харытонава і Алесь Ляўчук ужо былі пакараныя штрафам на падставе артыкула 22.9 КаАП (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”).