259

Брэсцкі аблсуд адмяніў штраф гомельскім журналістам-фрылансерам

25.01.2019 Крыніца: gomelspring.org, пераклад ГА "БАЖ" Сюжэт: 22.9 КаАП

Суддзя Брэсцкага абласнога суда Аляксандр Саўчук адмяніў пастанову суда Лунінецкага раёна аб адміністрацыйным спагнанні ў выглядзе штрафаў у дачыненні гомельскіх журналістаў-фрылансераў Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына.

Іх вінавацілі ў парушэнні артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ), якое выяўлялася ў падрыхтоўцы для тэлеканала «Белсат» матэрыялу пра трагедыю ў Лунінцы – забойства васьмімесячнай дзяўчынкі.

Міліцыя склала пратаколы, а Лунінецкі райсуд 5 снежня 2018 года пакараў журналістаў буйнымі штрафамі ў памеры па 30 базавых велічынь кожнаму.

З дапамогай сябра ГА “БАЖ”, юрыста Леаніда Судаленкі журналісты-фрылансеры абскардзілі штрафы ў Брэсцкім абласным судзе.

У пастанове суддзі Аляксандра Саўчука гаворыцца, што раённы суд у сваёй пастанове не высвятліў усіх акалічнасцяў, якія маюць значэнне для правільнага вырашэння справы.

«Падставай да адмены пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні з'яўляецца аднабаковасць, няпоўнасць і неаб'ектыўнае даследаванне акалічнасцяў адміністрацыйнага правапарушэння», – адзначаецца ў пастанове абласнога суда. Справа накіраваная на новы разгляд іншаму суддзі.

«У мяне няма аптымізму наконт таго, што сістэма дала збой, ці справядлівасць перамагла. Такія выпадкі ўжо былі, калі пастанову адмянялі, а потым раённы суд ізноў падвяргаў штрафу, ці яшчэ большую суму могуць даць», – пракаментаваў Андрэй Толчын.

Нагадаем, цягам 2018 года фрылансера Кастуся Жукоўскага 16 разоў штрафавалі за журналісцкую дзейнасць і адзін раз за непавагу да суда. Агульная сума штрафаў склала 12 432,5 рублёў. Андрэя Толчына летась прыцягвалі да адказнасці 11 разоў. Сума яго штрафаў склала 9 628,5 рублёў.