347

Брэсцкі абласны суд пакінуў без зменаў прысуд журналісту “Першага рэгіёна” Сяргею Гардзіевічу

04.10.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Драгічынскі карэспандэнт інтэрнэт-партала “Першы рэгіён” (1reg.by) Сяргей Гардзіевіч быў асуджаны паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса (188, 368 і 369) — за абразу Аляксандра Лукашэнкі, за абразу супрацоўніка міліцыі і за паклёп у дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Гаворка ідзе пра каментары ў сацыяльных сетках.

Сам карэспандэнт віну не прызнаў і сцвярджаў, што каментары належаць не яму. Аднак суд Іванаўскага раёна пакараў Сяргея Гардзіевіча агулам на 1,5 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ва ўмовах агульнага рэжыму. Журналіста затрымалі адразу пасля абвяшчэння прысуду і адвезлі ў СІЗА-6, што ў Баранавічах.

На 28 верасня ў Брэсцкім абласным судзе быў прызначаны разгляд касацыйнай скаргі журналіста. Як стала вядома службе маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, Сяргея Гардзіевіча на слуханне ў суд не прывозілі, а адвакаты даведаліся, што абласная судовая інстанцыя пакінула рашэнне суда Іванаўскага раёна без зменаў. Такім чынам, з гэтага моманту лічыцца, што прысуд канчаткова ўступіў у сілу.

Пакуль невядома, у якім месцы Сяргей Гардзіевіч будзе адбываць пакаранне.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!