243

Брэсцкі абласны суд адхіліў скаргу журналіста газеты “Ганцавіцкі час”

06.08.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Карэспандэнт незалежнай рэгіянальнай газеты Аляксандр Пазняк дамагаўся адмены рашэння суда ў Баранавічах, які пакараў яго буйным штрафам памерам у 30 базавых велічынь (810 рублёў).

У сваёй скарзе журналіст адзначыў, што 20 чэрвеня вёў анлайн-трансляцыю на плошчы ў Ганцавічах, дзе адбывался мірная акцыя салідарнасці, якая скончылася гвалтоўнымі затрыманнямі. Сярод тых, хто трапіў у міліцэйскі пастарунак, аказаліся Аляксандр Пазняк і яго калега Сяргей Багроў. (Багрова пазней суд пакараў адміністрацыйным арыштам на 15 сутак.)

Паводле Аляксандра Пазняка, суддзя Баранавіцкага суда Кацярына Груда, вынесла сваё рашэнне перадузята, бо праігнаравала не толькі нормы заканадаўства, але факты і доказы, што сведчаць пра невінаватасць карэспандэнта.

“Той факт, што матываваная частка была перададзеная мне адразу пасля абвяшчэння суддзёй свайго рашэння, сведчыць пра тое, што яно было падрыхтаванае загадзя, а разбіральніцтва ў судзе ішло фармальна. Дарэчы, гэтаму папярэднічаў і шэраг іншых падзей: да мяне не дапускалі адвакатаў у будынак Ганцавіцкага РАУС; абаронцу не паведамлялі, дзе я знаходжуся; а з Ганцавічаў мяне везлі таемна ў невядомым напрамку, бо хацелі разгледзець справу без удзелу абаронцаў і сведак”, — кажа Аляксандр Пазняк.

Журналіст звяртае ўвагу, што суд першай інстанцыі беспадстаўна прыйшоў да высновы, што ён нібыта з'яўляўся ўдзельнікам несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Акрамя таго, па словах Пазняка, падмуркам да рашэння суда былі недапушчальныя, недакладныя звесткі, якія ніякім чынам не маюць дачынення да справы.

Напрыклад, паводле хадайніцтва начальніка Ганцавіцкага РАУС Віталя Куляшова, да справы былі далучаныя копіі перапіскі ў Viber, якія нібыта пацвярджаюць, што Аляксандр Пазняк здзяйсняў правапарушэнне.

“Але самае істотнае — суд не даў ніякай ацэнкі таму факту, што я з'яўляюся журналістам і выконваў свае прафесійныя абавязкі”, — лічыць Аляксандр Пазняк. Ён таксама адзначыў, што падаў скаргу ў Ганцавіцкі раённы аддзел Следчага камітэта (там адказалі, што праверка працягваецца).

Выслухаўшы аргументы журналіста, суддзя Брэсцкага абласнога суда Аляксандр Саўчук пацікавіўся рэгістрацыяй сайта “Ганцавіцкі час” і іншымі момантамі, пасля чаго абвесціў: пастанова суда Баранавіцкага раёна вынесеная аб'ектыўна, віна Аляксандра Пазняка даказаная і рашэнне суда першай інстанцыі застаецца без зменаў.

Аляксандр Пазняк плануе абскардзіць гэтае рашэнне ў Вярхоўным судзе, а калі спатрэбіцца, і ў Камітэце ААН па правах чалавека.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!