292

Брэсцкі абласны суд адхіліў скаргу блогера Сяргея Пятрухіна, якога абвінавацілі ў паклёпе і абразе

05.07.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Дыфамацыя

Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда 5 ліпеня разледзела апеляцыйную скаргу Сяргея Пятрухіна. Спробы блогера і яго абаронцы давесці абсурднасць абвінавачванняў ў паклёпе і абразе міліцыянтаў поспеху не займелі. Рашэнне суда першай інстанцыі пакінутае без зменаў, а апеляцыйную скаргу абласны суд адхіліў.    

Нагадаем, 18 красавіка 2019 года суддзя Ленінскага раёна Брэста Аляксандр Семянчук прызнаў Сяргея Пятрухіна вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса — ч. 2 арт. 188 (паклёп) і ч. 2 арт. 189 (абраза). Брэсцкі блогер быў пакараны штрафам у памеры 360 базавых велічынь, гэта 9 180 рублёў, таксама з яго спагнана дзяржаўная пошліна на 306 рублёў.

У якасці пацярпелых па гэтай справе праходзілі чатыры супрацоўнікі Ленінскага РАУС Брэста. Паводле рашэння суда першай інстанцыі, Сяргей Пятрухін мусіць сплаціць матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды Сяргей Ігнацюку — 3 000 рублёў, Дзмітрыю Якушэвічу, Ігару Галянцічу і Сяргею Токуну — па 1 500 рублёў кожнаму. Таксама блогер павінен кампенсаваць выдаткі супрацоўнікаў міліцыі на адвакатаў агулам на 1 000 рублёў.