515 0

Брэсцкая філія прыняла новых сябраў БАЖ і вылучыла дэлегатаў на з’езд

02.03.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Вырашэнне арганізацыйных пытанняў стала галоўнай тэмай сходу Брэсцкай філіі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, які адбыўся 1 сакавіка.

Спачатку былі разгледжаныя заявы тых, хто паводле асабістых прычын, вырашыў спыніць свой удзел у працы грамадскага аб’яднання (шэрагі ГА “БАЖ” пакінулі чатыры чалавекі). Пасля гэтага на сходзе абмеркавалі заявы жадаючых стаць сябрамі арганізацыі. У выніку неабходную колькасць галасоў для ўступлення ў ГА “БАЖ” набралі пяць чалавек: Наталля Уласюк, Анна Купракова, Яўген Скрабутан, Аляксей Голікаў і Уладзімір Крыўчэня.

Дэлегатамі на красавіцкі з’езд ГА “БАЖ” ад брэсцкай філіі абраныя Іна Хоміч, Ірына Кармазіна, Аксана Бровач і Павел Дайлід. Таксама возьме ўдзел у з’ездзе і кіраўнік філіі Максім Хлябец

Што тычыцца мерапрыемстваў, які маюць намер зладзіць брэсцкія бажаўцы ў бліжэйшы час, то прапановаў было шмат. У прывастнасці, прысутныя на сходзе агучылі ідэю правядзення прэс-тура на байдарках з магчымым перасячэннем мяжы (калі атрымаецца дамовіцца з адпаведнымі службамі) альбо па рацэ Лясной. Яшчэ адзін верагодны прэс-тур прапанавана зрабіць на роварах і прысвяціць наведванню гістарычных мясцін.

Сябры брэсцкай філіі ГА “БАЖ” бачаць патрэбу ў арганізацыі “круглага стала” з удзелам запрошаных экспертаў наконт журналісцкай этыкі; семінара-трэнінгу па пастаноўцы голасу і правільнага маўлення; трэнінгу па SMM; адмысловай сустрэчы, якая б тычылася юрыдычных пытанняў, што хвалююць сябраў арганізацыі.

У якасці перспектыўных мерапрыемстваў, якія варта было б правесці, таксама згадваліся “медыясаміт” (у выглядзе інтэнсіўных заняткаў з удзелам спецыялістаў па розных накірунках) і псіхалагічны трэнінг на ўмоўную тэму “Як пераадольваць стрэс і не страціць апошнія нервы падчас камунікацыі з упартымі чыноўнікамі”.

На сходзе былі агучаныя ідэі вяртання да “Эстафеты добрых спраў”. Яе можна працянуць альбо наведваннем дома-інтэрната ў Брэсцкім раёне, альбо далучэннем да сусветнага фітнэс-флэшмоба, распачатага ў Скандынавіі, – калі людзі выходзяць на прабежку і адначасова збіраюць смецце.

У бліжэйшых планах брэсцкіх сябраў ГА “БАЖ” – правядзенне ў сакавіку майстар-класа з удзелам фатографа Сяргея Лескеця, які працуе над уласнымі праектамі і актыўна супрацоўнічае з замежнымі СМІ.

Каментары