524

Брэсцкага блогера Пятрухіна ноч пратрымалі ў ізалятары, але да суда не давезлі

14.11.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Замест гэтага раніцай 14 лістапада блогер атрымаў позвы, паводле якіх мусіць прыйсці ў суд 16 лістапада, а яшэ праз два дні — у міліцыю.

Сяргей Пятрухін

Нагадаем, што Сяргей Пятрухін быў затрыманы ўдзень 13 літапада, калі спрабаваў зрабіць запіс для журналісцкага расследавання ў адным з апорных пунктаў міліцыі ў Брэсце. У выніку ён быў затрыманы і правёў ноч у ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Брэста.

Пазней стала вядома, што Сяргея Петрухіна затрымалі паводле артыкула 24.6 КаАП (“Ухіленне ад яўкі ў орган, які вядзе адміністрацыйны альбо крымінальны працэс, альбо да судовага выканаўцы”). Падставай з’явілася тое, што блогер не прыйшоў у нядзелю — 4 лістапада — у міліцэйскі пастарунак паводле раней атрыманай позвы.

З раніцы 14 лістапада паплечнікі Сяргея Пятрухіна чакалі, калі яго прывязуць у суд, аднак высветлілася, што блогера адпусцілі. Сам Пятрухін распавёў, што не адмаўляўся ад наведвання міліцыі ў выходны дзень, але дамовіўся з участковым інспектарам, што папярэдзіць яго, калі прыйсці не атрымаецца.

“Я так і зрабіў, па тэлефоне назваў паважную прычыну, чаму не змог прыйсці. Больш таго, я гатовы гэта зрабіць у любы іншы дзень, але не ў выходныя”, — кажа Сяргей Пятрухін.

Паводле блогера, дзіўна выглядае і факт яго ўчорашняга затрымання (маўляў, каб не схаваўся да суда), а цяпер уручэнне позвы на 16 лістапада. Што тычыцца другой позвы — аб наведванні міліцэйскага аддзялення 18 лістапада, дык Сяргей Пятрухін упэўнены, што яго наўмысна выклікаюць у нядзелю, калі на галоўнай плошчы Брэста збіраюцца праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Разам са сваім калегам Аляксандрам Кабанавым ад пачатку года Сяргей Пятрухін асвятляе акцыі пратэста жыхароў з гэтай нагоды.