235

Брэсцкага актывіста Андрэя Шарэнду падазраюць яшчэ і ў абразе прэзідэнта

29.04.2021 Крыніца: "Еўрарадыё" Сюжэт: Дыфамацыя

Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта Беларусі распачаў яшчэ адну крымінальную справу ў дачыненні да брэсцкага актывіста Андрэя Шарэнды, паведамілі ў Генеральнай пракуратуры Беларусі. Ён стаў фігурантам крымінальнай справы аб абразе прэзідэнта (ч.1 арт. 368 КК РБ).

Андрэй Шарэнда / belsat.eu

Справа была ўзбуджаная па выніках праверкі. Прадметам праверкі было інтэрв'ю ад 29 сакавіка 2021 года, "у якім ад імя мясцовага актывіста Андрэя Шарэнды ўтрымліваюцца заклікі да пратэстаў, а таксама фармулёўкі і выразы, якія публічна абражаюць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", гаворыцца ў паведамленні Генпракуратруры.

Раней у дачыненні да Андрэя Шарэнду ўжо была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 361 — "заклікі да дзеянняў у шкоду нацыянальнай бяспекі". 17 красавіка дадому да Андрэя прыйшлі з ператрусам сілавікі, канфіскавалі тэхніку.

Нагадаем, што жонка Андрэя Паліна Шарэнда-Панасюк з 3 студзеня знаходзіцца ў СІЗА па справе аб гвалце над міліцыянтам. Па словах Андрэя, Паліна "не прызнае следчых, якія ходзяць да яе, і не дае ніякіх паказанняў, бо лічыць іх злачынцамі". Праваабаронцы прызналі Паліну Шарэнда-Панасюк палітзняволенай.

У пары двое дзяцей.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!