360

Большасць затрыманых гродзенскіх журналістаў — на волі

17.11.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Большую частку гродзенскіх журналістаў, затрыманых 15 лістапада, вызвалілі з-пад варты. Журналісты былі затрыманыя супрацоўнікамі праваахоўных органаў падчас вулічнай акцыі, прысвечанай ушанаванню памяці забітага мінчука Рамана Бандарэнкі.

Некаторыя да суда былі змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання на вул. Гая, іншых перавезлі ў следчы ізалятар турмы № 1, што на вул. Кірава.

Відэааператара-фрылансера Андрэя Ломава, які супрацоўнічае з анлайн-выданнем Hrodna.Life, 16 лістапада 2020 г. суд пакараў адміністрацыйным штрафам на 10 базавых велічынь (270 рублёў). Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве паводле арт. 23.34 КаАП. Да суда журналіста ўтрымлівалі пад вартай у турэмным СІЗА. З судовым рашэннем Ломаў не згодны і намераны яго абскарджаваць.

Увечары 16 лістапада вызвалілі таксама фатографа Яўгена Бузука, яго адміністрацыйную справу суд вярнуў на дапрацоўку. Вядома, што з-пад варты выпусцілі і радыёвядоўцу Сяргея Гадзяева.

Пакуль застаецца невядомым лёс галоўнага рэдактара партала autogrodno.by Міхаіла Кунцэвіча.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 15 лістапада 2020 г. у Гродне былі затрыманыя больш за 70 чалавек.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!