3112

«Бобруйский курьер» працягваюць ізаляваць

12.08.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

Пасля выхаду матэрыялаў у «БК» пачаўся ціск на герояў публікацыі.

Пасля выхаду ў «Бобруйском курьере» артыкула пра Цэнтр падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства «Пакрова», які зараз будуецца ў Бабруйску, яго заснавальніку і дырэктару сталі тэлефанаваць з розных інстанцый з прэтэнзіямі, –  па якім праве, маўляў, ён даваў інтэрв'ю «не таму» выданню.

У рэдакцыі лічаць, што на дырэктара Цэнтра аказваўся ціск, агучвалася патрабаванне «прыбраць» апублікаваны матэрыял з сайта «БК».

Менавіта з такой просьбай ён звярнуўся спачатку да аўтара матэрыялу, а затым – па электроннай пошце – і да рэдактара выдання, Анатоля Санаценкі.

Галоўны рэдактар ​​«Бобруйского курьера» ў сваім зваротным лісце прапанаваў дырэктару цэнтра «Пакрова» юрыдычную дапамогу ў выпадку неабходнасці, а таксама патлумачыў, што гаворыцца ў беларускім заканадаўстве на гэты конт.

«Гэта не першы такі выпадак, – кажа Анатоль Санаценка. – Не пра ўсе такія выпадкі мы нават расказваем. Відавочна, улады спрабуюць ізаляваць нас, наша выданне і журналістаў, ад грамадства, ад падзей. Чым, на маю думку як праваабаронцы, парушаюць адразу некалькі артыкулаў крымінальнага кодэкса...»