673

“Бобруйский курьер” і яго пазаштатны аўтар заплоцяць больш за 600 BYN за асвятленне выбараў

17.01.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Суд Бабруйскага раёна і г. Бабруйска пастанавіў, што сваім матэрыялам пра ход датэрміновага галасавання інтэрнэт-рэсурс прычыніў маральныя пакуты сакратарцы выбарчага ўчастка, і таму мусіць выплаціць ей грашовую кампенсацыю.

Сакратарка камісіі: мяне асуджалі замежныя грамадзяне

Пазоў на “Бобруйский курьер” падала былая сакратарка выбарчай камісіі ўчастку № 22 Бабруйска-Ленінскай выбарчай акругі № 78 Юлія Фурман. Жанчына сцвярджала, што анлайн-рэсурс схлусіў пра падзеі, якія адбываліся на ўчастку 14 лістапада, падчас датэрміновага галасавання ў ходзе выбараў у Палату прадстаўнікоў, і апісваліся ў матэрыяле “Сакратар участковай камісіі зачынілася ад назіральнікаў са скрыняй для галасавання ў сваім кабінеце”.

У матэрыяле распавядалася, што ў адзін з дзён папярэдняга галасавання на 22-м участку ў Бабруйску сакратарка падчас перапынку засталася са скрыняй у кабінеце, у які ўрэшце зачыніла дзверы. У выніку назіральнікі не маглі бачыць, што адбывалася ў кабінеце, а гэта можна было выкарыстаць для фальсіфікацыі, сцвярджаюць яны.   

Пазоўніца не аспрэчвае, што яна зачынялася ў кабінеце. Незадавальненне ў яе выклікалі словы ў матэрыяле пра тое, што нібыта была выкліканая міліцыя, якая зафіксавала яе, сакратаркі, правапарушэнне.

“Гэта хлусня. На мяне не складалі ніякіх пратаколаў, нічога не фіксавалі, — казала жанчына ў судзе. — Але з тэксту “Бобруйского курьера” вынікае, што я парушальніца. Гэты матэрыял перадрукавалі іншыя рэсурсы, мяне пачалі абмяркоўваць і асуджаць, у тым ліку, замежныя грамадзяне, якія былі назіральнікамі на ўчастку. У мяне дзіця вучыцца ў школе, як мне яму патлумачыць, чаму мама вучыць, што трэба жыць паводле сумлення, а сама парушае закон? Падарвалі мой аўтарытэт перад дзіцём, маўляў, мама — такі парушальнік, што на яе даводзіцца выклікаць міліцыю. Мяне пачалі паласкаць паўсюль ў інтэрнэце. Гэта прынесла мне маральныя пакуты”.

У той жа час, у ходзе судовага разгляду справы, пазоўніца не прадставіла ніводнага доказу асуджэння яе ў інтэрнэце і за мяжой.

Юлія Фурман сцвярджае, што выбарчае заканадаўства яна не парушала і  мела права падчас перапынку застацца ў кабінеце. Пазоўніца патрабавала, каб “Бобруйский курьер” заплаціў ёй 5000 BYN за маральныя пакуты, і апублікаваў афіцыйнае абвяржэнне публікацыі ад 15 лістапада, а менавіта — слоў пра тое, што была выкліканая міліцыя і супрацоўнікі зафіксавалі правапарушэнне.  

Суддзя: мы тут не абмяркоўваем парушэнне выбарчага заканадаўства

На папярэднім слуханні, якое адбылася 27 снежня 2019 года, адказчыкам выступаў індывідуальны прадпрымальнік Віталь Санаценка, якому належыць інтэрнэт-рэсурс “Бобруйский курьер”. Але пасля пасяджэння Фурман вырашыла выклікаць адказчыкам таксама аўтара матэрыялу Яўгена Глаголева-Васьковіча і Галіну Смірнову — давераную асобу кандыдата ў дэпутаты Аляксандра Комара, які балатаваўся па 78-й акрузе. Смірнова была на ўчастку, і з яе слоў пісаўся матэрыял.

Разгляд справы разам з апытаннем сведкаў і спрэчкамі бакоў прайшоў 16 студзеня. На пачатку пасяджэння пазоўніца Юлія Фурман падала хадайніцтва з просьбай зрабіць разгляд справы закрытым, “каб пазбегнуць ціску з боку слухачоў”. Суд адхіліў хадайніцтва, бо “нічога тайнага падчас працэсу не мелася адбывацца”.

Адказчыкі не пагадзіліся з прэтэнзіямі, яшчэ раз падкрэсліўшы, што ўсё, што было напісана ў матэрыяле, цалкам адпавядала рэчаіснасці, а асабістая і прафесійная годнасць пазоўніцы ніяк не закраналіся.

Суддзя Таццяна Караленка пыталася ў адказчыкаў, на падставе чаго ў матэрыяле сцвярджалася, што супрацоўнікі міліцыі зафіксавалі правапарушэнне пазоўніцы. Віталь Санаценка, Яўген Глаголеў-Васьковіч, Галіна Смірнова, а таксама сведкі тлумачылі, што сакратарка не мела права заставацца адна ў кабінеце са скрыняй для галасавання, і ў пацверджанне сваіх словаў прыводзілі выпіскі з метадычных рэкамендацый для ўчастковых выбарчых камісій ЦВК. Таксама прасілі ўключыць ў матэрыялы справы аўдыязапіс інцыдэнту і іншыя матэрыялы, якія даказвалі іх правату. Але суддзя амаль усе хадайніцтвы адхіліла.

“Гэта не тычыцца прадмету спрэчкі. Мы тут не абмяркоўваем парушэнне выбарчага заканадаўства, для гэтага ёсць свае працэдуры”, — казала суддзя.

З боку пазоўніцы сведкам выступаў міліцыянт Уладзімір Чыгіроў, які ў той дзень, 14 лістапада, дзяжурыў на выбарчым участку. З яго дапамогай атрымалася даказаць, што міліцыю ўсё ж такі выклікалі. Юлія Фурман сцвярджала, што фраза пра тое, што назіральнікі выклікалі міліцыю, не адпавядала рэчаіснасці. А тое, што прыйшоў дзяжурны на ўчастку міліцыянт, гэта не выклік міліцыі. Але суд усё ж такі пастанавіў, што гэта можна лічыць выклікам міліцыі.

“Скажыце, у вашыя абавязкі ўваходзіць рэагаванне на скаргі аб парушэнні выбарчага заканадаўства?”, — пыталася ў Чыгірова Галіна Смірнова.

“Так”, — адказваў міліцыянт.

“А вы гэта зрабілі?”, — пыталася далей Смірнова.

“Я не ўбачыў там ніякіх парушэнняў. Я патлумачыў, што дзеянні выбарчай камісіі можна абскарджваць вышэй”, — казаў сведка.

“Вы мусілі разабрацца ў вуснай заяве Смірновай?”, — пытаўся галоўны рэдактар “Бобруйского курьера” Анатоль Санаценка, які ў судзе быў прадстаўніком Яўгена Глаголева-Васьковіча як сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

“Гэта не прадмет спрэчкі. У нас тут абскарджванне дзеянняў супрацоўніка міліцыі?”, — перабіла суддзя.

Галоўны рэдактар “Бобруйского курьера”: справа палітычна матываваная

З боку адказчыкаў суд апытаў назіральніцу Алу Шпакаву і яшчэ адну давераную асобу кандыдата Комара Эдуарда Грынявецкага. Яны пацвердзілі словы Смірновай, у тым ліку, што пад супрацоўнікамі ў фразе “супрацоўнікі зафіксавалі парушэнне”, меўся на ўвазе выбарчы штаб — давераныя асобы і назіральнікі, якія насамрэч зафіксавалі ўсё, што адбывалася, напісаўшы скаргу ў выбарчую камісію.

Тым не менш, суддзя вырашыла, што доказаў фіксацыі парушэння адказчыкі і сведкі не прадставілі, а значыць у матэрыяле “Бобруйского курьера” была пададзеная недакладная інфармацыя.

17 студзеня суд агучыў рашэнне задаволіць позву Юліі Фурман часткова. Суд абавязаў “Бобруйский курьер” апублікаваць афіцыйнае абвяржэнне слоў “супрацоўнікі зафіксавалі парушэнне”, выплаціць салідарна з Яўгенам Глаголевым-Васьковічам 500 BYN за маральную шкоду і яшчэ 153 BYN — за  судовыя выдаткі. Агулам — 653 рублі.  

Галоўны рэдактар “Бобруйского курьера” Анатоль Санаценка на пагаджаецца з такім рашэннем суда.

“Я лічу, што ўся гэтая справа — палітычна матываваная. Усё, што апісвалася ў матэрыяле, адбывалася насамрэч, мы гэта і пачулі ў судзе ад сведкаў. Мы ўжо падалі скаргі на тое, як ішоў разгляд справы, і будзем абскарджваць рашэнне суда”, — зазначыў спадар Санаценка.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!