439

БНР, Ройтшванец, архітэктар Шабунеўскі, журналіст Івашын — Гомельская філія ГА “БАЖ” падсумавала вынікі года

17.12.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Сябры Гомельскай філіі ГА “БАЖ” на агульным сходзе падвялі вынікі працы ў 2018 годзе — ён быў насычаным і разнастайным, як і ў папярэднія гады.

Сход Гомельскай філіі. Архіўнае фота Андрея Мядзведзева

Старшыня філіі Мікола Бянько адзначыў, што праведзена было трынаццаць розных мерапрыемстваў, у СМІ прайшло каля трох дзясяткаў згадак пра гомельскую бажаўскую супольнасць. Асабліва шмат пісала пра мерапрыемствы філіі на сайце gomelspring.org Ларыса Шчыракова. Падрыхтавана таксама 64 маніторынгі, у аснову якіх пакладзена прафесійная дзейнасць сябраў ГА “БАЖ”, парушэнне іх правоў, асвятленне імпрэзаў.

На пачатку года філія зладзіла міжрэгіянальны творчы конкурс да 100-годдзя стварэння БНР, у якім узялі ўдзел калегі з Гродна, Слоніма, Смаргоні, Віцебска, Барысава, Мінска. Дыпломы і памятныя кнігі пра БНР былі ўручаныя пераможцам на Х з’ездзе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Розгалас мела гістарычная экскурсія па месцах Лазіка Ройтшванеца — гомельскага героя рамана Іллі Эрэнбурга. Зкскурсія была прымеркаваная да 90-годдзя выхаду славутага некалі і падзабытага цяпер рамана “Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванеца”. Досвед перанялі гарадскія ўлады Гомеля, пачаўшы ладзіць такія экскурсіі для гараджан з запрашэннем таго ж гісторыка і пісьменніка Сяргея Балахонава.

Названыя лепшыя суполкі і філіі ГА "БАЖ". Народнае і афіцыйнае галасаванне паказалі розныя ацэнкі

Сябры ГА “БАЖ” Марыя Булавінская і Сяргей Ляпін некалькі гадоў займаліся зборам і распаўсюдам звестак пра біяграфію і творчасць славутага беларускага архітэктара Станіслава Шабунеўскага. Вяртанне яго імя ў гістарычную і грамадскую прастору Гомеля высілкамі краязнаўцаў і журналістаў мела лагічны працяг на ток-шоу “Дамаляваць партрэт на сцяне”, якое супольна зладзілі Гомельская філія ГА “БАЖ”, курсы “Мова нанова” і дыскусійны клуб “Міжрэчча”. Перамогай можна лічыць той факт, што днямі Гомельскі гарвыканкам надаў Станіславу Шабунеўскаму званне Ганаровага грамадзяніна горада.

У верасні філія падвяла вынікі штогадовага міжрэгіянальнага  конкурсу “За адданасць прафесіі”. Пераможцам стаў журналіст з Гродна, карэспандэнт газеты “Новы час” Дзяніс Івашын. Развіццё падзей у змаганні за абарону памяці ахвяр камуністычнага таталітарызму ў Курапатах пацвердзіла правільнасць выбару. Праца Дзяніса Івашына сталася актам высокага прафесіяналізму і грамадзянскай мужнасці.

З удзелам сябраў Гомельскай філіі ГА “БАЖ” прайшоў майстар-клас у Чарнігаве па тэме “Метадалогія OSINT на аснове адкрытых крыніц”. Гэта калі аналізуюцца агульнадаступныя крыніцы для збору выведвальнай інфармацыі і падрыхтоўкі на іх аснове матэрыялаў для СМІ, у дадзеным канкрэтным выпадку з мэтай супрацьдзеяння расійскай прапагандзе. Першапачаткова планавалася, што на Чарнігаўшчыну будзе зладжаны прэс-тур, каб распавесці пра жыццё і творчасць беларусаў, якія пакінулі значны след у гісторыі гэтага суседняга з Беларуссю рэгіёна братняй Украіны.

Абмеркаваныя на сходзе гомельскай філіі журналісцкай арганізацыі планы на наступнае паўгоддзе, у тым ліку і адвакацкай падтрымкі фрылансераў Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына. Пераслед іх уладамі і пакаранне штрафамі за журналісцкую дзейнасць выявіліся сёлета чарговымі сумнымі рэкорднымі.

Вырашана і арганізацыйнае пытанне: з’явілася новая намесніца старшыні філіі – ёй абралі Марыю Булавінскую. Ларыса Шчыракова склала свае паўнамоцтвы на гэтай пасадзе па ўласным жаданні, патлумачыўшы гэта недахопам стасункаў з новай пляцоўкай для навучання фрылансераў “Медыяпрастора”.

На сходзе бажаўцы павіншавалі праваабаронцу, сябра ГА “БАЖ” Леаніда Судаленку з атрыманай у Парыжы прэстыжнай французскай прэміяй “Свабода-Роўнасць-Братэрства”.

Завершыць сёлетні год Гомельская філія ГА “БАЖ” мае намер правядзеннем ток-шоу “Права на інфармацыю”, у якой возьмуць удзел эксперты з Мінску.Тэма актуальная, для журналістаў нават гарачая. Імпрэза прызначаная на 22 снежня, а прыйсці на яе могуць усе зацікаўленыя.