553

Блогеру з Акцябрскага Андрэю Павуку далі 15 сутак

07.08.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У райцэнтры Акцябрскі Гомельскай вобласці 7 жніўня міліцыя затрымала мясцовага блогера, сябра ГА "БАЖ" Андрэя Павука. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве (арт. 17.1 КаАП). Пра гэта паведаміла жонка Павука Вольга.​

Вечарам стала вядома, што Андрэй асуджаны да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Фото: Ольга Паук

У дзяжурнай частцы Акцябрскага РАУС карэспандэнту Службы маніторынгу ГА "БАЖ" адмовіліся паведаміць хоць якую інфармацыю пра калегу. Не праясніў сітуацыю і начальнік міліцыі, падпалкоўнік Руслан Задарожны, заявіўшы: "Выбачайце, я не бачу, хто тэлефануе, з кім размаўляю".

Інцыдэнт здарыўся напярэдадні на выбарчым участку №9 у Гацкай базавай школе, дзе старшынёй камісіі з'яўляецца дырэктарка школы Святлана Адзінец.

На ўчастак Андрэй Павук прыехаў яшчэ да пачатку галасавання. Выбарчая камісіі мелася вырашаць, пазбаўляць ці не акрэдытацыі назіральніцу на гэтым участку — жонку Андрэя Вольгу Павук, якая накіравана сюды грамадскай арганізацыяй "Гавары праўду". Разбіральніцтва найперш і цікавіла блогера — ён здымаў гэта на відэа.

Старшыня камісіі выклікала міліцыю і, паводле назіральніцы, паскардзілася, што блогер не толькі рабіў відэаздымкі без дазволу, але і перашкаджаў "дэзінфікаваць кабінкі для галасавання і раскладваць бюлетэні".

Участковы Найшулер, які апытваў удзельнікаў інцыдэнту, напісаў у пратаколе (асаблівасці пісьма пры перакладзе на беларускую мову захаваны): "Павук Андрэй 6 жніўня ў перыяд часу з 9.55 да 10.05 з мэтай здзяйснення дробнага хуліганства прыйшоў на выбарчы ўчастак №9, дзе наўмысна ў прысутнасці членыў выбарчай камісіі і іншых грамадзян цягам 7-10 хвілін вёў відэадымку на выбарчым участку, у тым ліку відэаздымку кожнага чальца выбарчай камісіі, без дазволу старшыні выбарчай камісіі адцягваў іх ад працы, выказваў на іх адрас пагрозы пра неспрыяльныя наступствы іх дзейнасці, на заўвагі спыніць відэаздымку і пакінуць выбарчы ўчастак не рэагаваў, паводзіў сябе нахабна, дзёрзка, чым парушыў грамадскі парадак і перашкаджаў нармальнай працы выбарчай камісіі".

7 жніўня Андрэя Павука затрымалі і адвезі ў суд. Суддзя Уладзімір Васілеўскі на падставе пратакола міліцыі пакараў блогера 15 суткамі арышту. Адбываць "суткі" міліцыя адвезла Андрэя Павука ў Калінкавіцкі ІЧУ (247710, г. Калінкавічы, вул. Фрунзе, 23).

Андрэя Павука не ўпершыню затрымліваюць напярэдадні грамадска важных падзей у краіне і нават абвінавачвалі праз правакацыі ў “мініраванні” дзяржаўных установаў. Таксама яму не аднойчы дасылалі пагрозы. Правакатараў і тых, хто пагражаў асабіста Павуку, ні следчыя, ні міліцыя не знайшлі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!