415

Блогеру Сяргею Пятрухіну абмежавалі выезд за мяжу і магчымасць кіраваць аўтамабілем з-за нясплочаных штрафаў

12.06.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У судзе Ленінскага раёна горада Брэста 11 чэрвеня разгледжаны пазоў аддзела прымусовага спагнання гэтага раёна да Сяргея Пятрухіна. Сутнасць пазову ў тым, што блогер мае нясплочаныя штрафы агулам амаль на 20 тысяч рублёў.

У сваім пазове аддзел прымусовага спагнання прасіў суд зрабіць неабходныя захады да Сяргея Пятрухіна падчас выканання былых судовых рашэнняў, паводле якіх брэсцкага блогера пакаралі буйнымі штрафамі.

Цікава, што гэтую справу судзя Ала Вінаградава разглядала без удзельнікаў працэсу: абодва бакі былі праінфармаваныя пра судовае пасяджэнне і прасілі, каб яно адбылося без іх прысутнасці.

З матэрыялаў справы высветлілася, што штрафы не былі сплочаныя Сяргеем Пятрухіным на працягу амаль двух гадоў. Пра гэта распавёў праваабаронца Уладзімір Вялічкін, які прысутнічаў на працэсе.

Блогер мае рахункі ў банку, але на іх няма сродкаў. Акрамя таго, у Сяргея Пятрухіна ёсць аднапакаёвая кватэра, маёмасць у якой апісана. Аднак забраць яе супрацоўнікі аддзела прымусовага спагнання нібыта не змаглі, бо не маюць доступу да памяшкання.

Уладзімір Вялічкін здзіўлены вялікай сумай запазычанасці блогера: на думку праваабаронцы, яна насамрэч на дзве траціны меншая.

“Я звярнуўся да суддзі з пытаннем: адкуль такая вялікая сумма, бо неаднаразова на ўласныя вочы бачыў, як Сяргей Пятрухін паказваў квітанцыі аб аплаце штрафаў судовым выканаўцам”, — распавёў Уладзімір Вялічкін.

У адказ суддзя Ала Вінаградава патлумачыла, што магчыма судовыя выканаўцы не ўлічылі ўсе аплаты, бо не маюць часу праглядаць рух паступлення грошай на рахункі.

У такіх выпадках, па меркаванні суддзі, Сяргею Пятрухіну трэба асабіста прыносіць квітанцыі да выканаўцаў, каб яны ведалі пра зробленыя аплаты і пазначалі ў дакументах.

У выніку суд палічыў, што ёсць усе падставы з-за нявыплаты штрафаў абмежаваць Сяргею Пятрухіну выезд за межы Беларусі, а таксама кіраванне аўтамабілем (бо блогер мае пасведчанне кіроўцы) да моманту сплочвання штрафаў, аднак не пазней за 2025 год. Калі ж Сяргей Пятрухін не ліквідуе запазычанасць па штрафах, да яго будуць прымененыя больш жорсткія санкцыі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!